Суботняй раніцай святочная радыёгазета «Гуляй, народ, Масленіца ў варот!» зазывала на гулянне жыхароў Нараўляншчыны і гасцей нашага горада. На Кастрычніцкай плошчы размясціліся тэматычныя падворкі, тарговыя палаткі, гульнявыя пляцоўкі, сцэна, з якой гучалі песні, жарты і шчырыя пажаданні.

Гасцінна запрашаў да сябе падворак спецлясгаса. Тут гаспадынькі прыгатавалі шмат смачных страў, а гаспадары нарыхтавалі для продажу дровы, лучыну, венікі для бані і іншыя тавары.

Удзел у віктарыне, у безпройгрышнай латарэі, гульню ў бульбяныя шашкі, бліны і безліч іншых прысмакаў прапанаваў гасцям свята падворак каледжа.

Рады ўсім гасцям былі на падворку запаведніка. Іх шчыра віталі не толькі гаспадынькі, але і іх прыгожая самаробная лялька Маргарыта.

Якіх толькі піражкоў з рознымі начынкамі не прапанаваў падворак жылкамбуда. Яны тут былі прыгатаваны на любы густ: і салодкія, і салёныя, і з павідлам, і з мясам.

Той, хто вельмі любіць салодкае, мог купіць сабе розных ласункаў на падворку фабрыкі. Цукерак, зефіра, мармелада тут было шмат. Акрамя таго, пакупнікі прадукцыі нашага славутага прадпрыемства мелі магчымасць паўдзельнічаць у латарэі.

Самым насычаным рознымі пачастункамі, падарункамі, майстар класамі, фотазонамі быў падворак аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама. Настаўнікі — людзі творчыя, таленавітыя, гасцінныя. Яны ўмеюць стварыць свята.

Не меньш яркім быў падворак аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Тут хапала ўсяго таго, што патрэбна для добрага настрою: розныя прысмакі, сувеніры прыйшлісь да спадобы кожнаму госцю свята.

Працаўнікі сферы культуры прадставілі падворак «Сустрэча». «Зайгрышы» — сфера адукацыі, а кандытарская фабрыка — «Лакамку». Запаведнік арганізаваў падворак «Разгуляй!», а жылкамбуд — «Да цешчы на бліны». Каледж прэзентаваў падворак «Масленічная вечарына», а спецлясгас — «Провады». Чаго толькі тут не было! Кожны з іх сумеў прыемна здзівіць і ўразіць!

Цікавае тэатральна-канцэртнае прадстаўленне «У Нароўлі Масленіцу гуляюць, ды вясну сустракаюць!» падрыхтавалі творчыя работнікі як Нараўляншчыны, так і Ельшчыны. Артыстам таленту не занімаць. Звонкія галасы чуліся далёка па ўсім горадзе. Акрамя песен са сцэны гучалі шчырыя пажаданні, жарты. Выступленні артыстаў былі і на кожным падворку.

Не сумна было і тым, хто сябруе са спортам. Для аматараў спаборніцтваў работнікі адукацыіі арганізавалі спартыўна-забаўляльную праграму. Якіх толькі гульняў не прыдумалі для дзяцей педагогі, каб ім было весела на свяце.

Па традыцыі не абышлося без залезання на стоўб з прызамі. Калі б каму ўдалось пакарыць гэты высокі «алімп», то яму дастаўся б падарунак. Жадаючых было нямала, аднак дайсці да запаветнай мэты не ўдалося. Тут патрэбны былі спрыт і выдатная фізічная форма, ды і надвор’е не спрыяла: ад дажджу стоўб быў мокры і слізкі.

Асабліва штогод заваражывае кожнага відовішча спальвання чучала. Па павер’ю гэты абрад ачышчае ўдзельнікаў свята ад усяго дрэннага, што назбіралася за год. Не стала выключэннем і гэтае свята. Лялька хутка згарэла, а з ёй і ўвесь негатыў. Цяпер мы буддзем з нецярплівасцю чакаць прыходу вясны, перыяд аднаўлення, каб будаваць новыя планы.

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, свята «Масленіца» атрымалася масавым і вясёлым. Арганізатары пастараліся, каб кожнаму ўдзельніку мерапрыемства было цікава, каб кожны знайшоў для сябе занятак па душы і застаўся задаволены, пакінуў яго з добрым настроем, прыемнымі ўражаннямі і неабходнымі пакупкамі. Песні, жарты, вяселле, мноства прысмакаў, сувеніраў — усяго гэтага хапала для добрага настрою.

Нараўляне даказалі, што могуць добра працаваць і змястоўна адпачываць. Хай шчасціць ім ва ўсіх добрых справах!

Вольга ПАРТЫКА, фота і відэа Міхаіла ШАЎЧЭНКІ