15-16 верасня з удзелам біскупа Казіміра Велікасельца, прадстаўнікоў улады, святароў, сясцёр законных, мясцовых парафіян і гасцей, адбыліся юбілейныя ўрачыстасці пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Грушаўцы і касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.

Юбілейная ўрачыстасць распачалася 15 верасня ў в. Грушаўка. А 17.00  парафіяне і госці сабраліся ў святыні, каб узнесці падзяку Богу за Касцёл. Ва ўрачыстым распачацці святкавання юбілейных урачыстасцяў прынялі ўдзел: старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Антоненка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марына Альховік, святары, парафіяне і госці.

Пасля слова прывітання пробашча і парафіянаў, з прывітальным словам звярнуўся старшыня Нараўлянскага райвыканкама:

Высокадастойныя святары, шаноўныя каталікі Нараўляншчыны, паважаныя госці! Ад імя Нараўлянскага раённага выканаўчага камітэту накіроўваем Прывітальнае слова ўдзельнікам урачыстасці з нагоды юбілея 25-годдзя з часу кансэкрацыі касцёлаў у Грушаўцы і ў Нароўлі.

Для Касцёла ў Беларусі, як і для кожнага верніка, гэта не проста дата ў календары. Гэта больш, чым два дзесяцігоддзі шляху, поўнага здабыткаў, перамог, але і цярпення, мучаніцтва, шлях сведчання вернасці і адданасці Богу і Касцёлу.

Тут, на гэтай зямлі, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі доўгія гады, коштам уласных сіл, будавалі Касцёл як Валадарства Божае на зямлі, сведчылі пра сваю веру, выхоўвалі новыя пакаленні, цярпелі пераслед, але заставаліся вернымі Хрысту.

Сёння мы можам ганарыцца добрым плёнам руплівасці каталікоў Нараўляншчыны, бо мы маем жывую супольнасць Касцёла, якая хоча развівацца, узрастаць; хоча быць жывым і годным даверу сведчаннем сваёй непахіснай веры.

І гэты Юбілей для ўсіх — гэта нагода для таго, каб выказаць шчырую ўдзячнасць нашым папярэднікам. Гэта таксама і крыніца надзеі для ўсіх нас і ўсяго беларускага грамадства.

Таму сёння я хачу пажадаць вам усім — духавенству, вернікам — быць носьбітамі міру і адзінства, збудаваных на Хрысце, сведкамі Любові Бога ў штодзённым жыцці ў сённяшнім свеце, які церпіць ад падзелаў і войнаў.

Урачыстую Святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Літургія завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

16 верасня распачаўся другі дзень урачыстасці з урачыстага прывітання дастойных гасцей і прадстаўленнем гісторыі веры каталіцкай ў гэтым рэгіёне, якую прадставіў прысутным пробашч мясцовай парафіі кс. Януш Чарнамораў.

Гісторыя каталікоў Нараўляншчыны:  

Не магчыма прадставіць гісторыю стварэння парафіі ў Нароўлі без гісторыі стварэння парафіі ў Грушаўцы, таму што гэта адно цэлае. Грушаўка — была цэнтрам каталіцтва Нараўлянскага раёна.

Адна з актыўных каталічак Грушаўкі, мінулых гадоў, пакінула такі запіс: “Каталіцтва ў в. Грушаўка мае складаную гісторыю. Касцёла ў нас у вёсцы не было, а Богу верылі і маліліся з даўніх часоў”.

Вёску Грушаўку засялілі каталікі-пасяленцы з Украіны, якія прыбылі туды ў 1800 годзе. У 1900-1917 гадах у гэтай вёсцы спрабаваў пабудаваць свой палац пан Горватт. Дзеля гэтага ён хацеў высяліць жыхароў з вёскі, бо зямла там была вельмі ўраджайнай. Мясцовыя жыхары бараніліся каб не выязджаць з вёскі і прасілі аб дапамозе губернатара з Мінска. Ён іх абараніў і не дазволіў высяляць. Паколькі матэрыял на будову палаца ўжо быў прывезены, жонка Горватта, будучы каталічкай, пачала заступацца за мясцовых вернікаў і настойвала, каб з гэтага матэрыяла пабудавалі капліцу для каталікоў. Паставіла ў вёсцы крыж і дзякуючы сваім сувязям яна нават прывезла біскупа, які паблагаславіў тэрыторыю пад будову капліцы. Аднак у 1917 годзе распачалася рэвалюцыя і матэрыял скралі. Праз увесь той час людзі маліліся па дамах, на могілках, а таксама за ракою пад лесам, дзе быў пастаўлены крыж як знак Божай Міласэрнасці. Там яны маглі спакойна маліцца нават у камуністычныя часы. Калі пераследавалі за веру, маліліся ў дамах пры закрытых дзвярах, завешваючы вокны.

У Нароўлі да рэвалюцыі ўжо была прыгожая капліца і належыла сям’і Горваттаў, уладальніку Нароўлі. У кожную нядзелю прыязджаў туды ксёндз дэкан з Мазыра каб цэлебраваць Святую Імшу і займацца душпастырствам. Падчас рэвалюцыі капліца згарэла і была заліта прыпяцкай вадою.

Калі пачалася другая сусветная вайна ў гэтых краях удзень камандавалі немцы, а ў начы партызаны. У канцы ліпеня ці пачатку жніўня 1941 года немцы ехалі паліць в. Грушаўку і жыхароў. Сяляне сабраліся ўсе, ўзялі вобраз Маці Божай і пайшлі да крыжа сустракаць карацеляў малітвамі. Ім спадабалася сустрэча людзей малітвамі, таму не забілі ніводнага чалавека, аднак спалілі ўсе 260 хат. Пасля вайны пачалі аднаўляць вёску.

У пасляваенны час толькі ў 1952 годзе вернікаў наведаў кс. Мечыслаў Малыніч з Бабруйска.

У 70-я гады вернікі часцей сталі ездзіць да касцёлаў за 300 км на адну Святую Імшу. Людзі ездзілі на Імшу ў Пінск, Кіеў і Жытомір. Там хрысцілі сваіх дзяцей і прымалі іншыя сакрамэнты. Толькі час ад часу ў вёску прыяжджаў святар з Украіны ці з іншых мясцін Беларусі.

Актывістка тых часоў, Таццяна Маскаленка, у хаце якой патаемна праводзіліся набажэнствы і іншыя малітвы, у сваіх нататках успамінае: “Мяне з дзяцінства вучылі верыць і маліцца Богу. Касцёла ў нашай вёсцы не было, як і не было ва ўсёй вобласці. На малітвы збіраліся ў хаце, але і гэта забаранялася. Некаторых за гэта судзілі і штрафавалі. Зрэдку прыязджаў ксёндз, імша адпраўлялася патаемна, пры завешаных вокнах і зачыненых дзвярах. Некалькі разоў на год ездзілі ў касцёлы, што дзейнічалі — у Пінск, Жытомір, або Кіеў. Каб паўдзельнічаць толькі ў адной Імшы, часта трэба было правесці два дні ў дарозе і дзве ночы на вакзале. Улетку вяскоўцы ў нядзельныя дні збіраліся ў лесе каля крыжа, і там, дзе ніхто не чуў, смела спявалі пабожныя спевы, вярталіся адтуль радасныя, сэрцы былі поўныя Богам”.

26 красавіка 1986 года чарговае выпрабаванне сустрэла мясцовых жыхараў – аварыя на Чарнобыльскай АЭС, усяго ў 40 км ад вёскі. Многія суседнія былі выселеныя. Шмат хто з’ехаў і з Грушаўкі і з Нароўлі.

У 1986 годзе ў Грушаўку прыехаў кс. Аляксандр Мілеўскі з Жытоміра, а ў 1988 г – кс. Рышард Юнік з Рубяжэвіч, які 5 дзён маліўся з людзьмі ў Грушаўцы і ўдзяляў сакрамэнты.

Людзі пачалі спрабаваць зарэестраваць парафію і 25 снежня на Божае Нараджэнне 1989 года зарэгістравалі каталіцкую парафію ў Грушаўцы. Пачалі дабівацца месца дзе маліцца, атрымалі медыцынскі пункт, там зрабілі капліцу, куды часта прыязджалі ксяндзы.

17 чэрвеня 1990 года ў вёску пачаў прыяжджаць кс. Юзаф Дзеконьскі з Мазыра, які абслугоўваў у той час 6 раёнаў.

Затым прыехаў і заняўся душпастырствам у Грушаўцы і ў Нароўлі кс. Станіслаў Салата.

У Нароўлі 12 верасня 1991 года ужо як зарэестраваная супольнасць вернікаў атрымалі былы будынак міліцыі. 14 верасня гэтага ж года быў благаслаўлены крыж і пастаўлены на прыкасцельнай тэрыторыі.

Аднак вернікі Грушаўкі хацелі пабудаваць касцёл. Звярталіся з просьбай да кардынала Казіміра Свёнтка, які не дазваляў кажучы, што: “парафіяне старэйшага ўзросту хутка адыдуць у вечнасць, таму дастаткова вам гэтай капліцы”. Людзе не стамляліся прасіць і ў адной з просьбаў напісалі: “Дарагі наш арцыпастыр, мы пажылыя, у нас ніколі не было касцёла, мы хаваліся па дамах, па могілка, па лясах – каб памаліцца, а цяпер калі ёсць магчымасць пабудаваць свой касцёл, мы хочам гэта зрабіць, каб прынамсі адну святую Імшу перажыць у сваім касцёле”. Тады кардынал згадзіўся і даручыў кс. Станіславу Салата паралельна з будовай касцёла ў Нароўлі, будаваць касцёл у Грушаўцы.

У 1994 годзе пачалі будову касцёла ў Нароўлі. Паралельна трывала будова касцёла ў Грушаўцы.

У верасні 1998 года кардынал Казімір Свёнтак кансэкраваў касцёл Сэрца Езуса ў Грушаўцы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.

          З таго часу ў гэтых парафіях неслі служэнне наступныя святары:

  1. 1990 г — Кс. Юзаф Дзеконьскі;
  2. З 1991 па 2002г — кс. Станіслаў Салата
  3. З 2002 па 2005г – кс. Войцех Валчына
  4. З 2005 па 2007 – кс. Пётр Ліпскі
  5. З 2007 па 2015 – кс. Вінцент Сяўрук
  6. З 2015 па 2018 – кс. Юры Пракапюк
  7. З 2019 па люты 2021 – кс. Андрэй Шут
  8. З лютага 2021 па кастрычнік – кс. Аляксандр Канановіч
  9. З кастрычніка 2021 года – кс. Януш Чарнамораў

Парафія ў Нароўлі невялічкая, аднак моцная! На працягу 9 месяцаў у кожную першую пятніцу месяца – праходзіў дзень духоўнага засяроджання, дзякуючы якому парафія духоўна рыхтавалася да юбілею пасвячэння касцёла.

На пачатак вялікага посту кс. Юры Жэгарын правёў у гэтай парафіі першыя Святыя Місіі, якія ўжо прынеслі свае добрыя плады.

Вернікі паклапаціліся аб тым, каб да юбілею ў прэзбітэрыі паставіць дзве дубовыя алтарныя наставы, а ў сярэдзіну іх змясціць напісаныя па дрэве пігментамі на яечнай эмульсіі абраз Сэрца Езуса, абраз Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся і абраз свв. Пятра і Паўла. Благаслаўленне алтарных настаў і абразоў здзейсніў біскуп Казімір Велікаселец на прыканцы святой Імшы.

Пасля Святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Затым на прыкасцельнай тэрыторыі мясцовыя вернікі частавалі гасцей Нараўлянскімі прысмакамі.

Матэрыял прадрыхтаваў ксёндз Януш Чарнамораў,

пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі, фатаздымкі аўтара