Гэты дзень з’яўляецца трыста васямнаццатым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 47 дзён.

У гэты дзень адзначаюцца Восеньскія Кузьмінкі — свята кавалёў.

Гістарычныя падзеі 14 лістапада

У 1926 годзе ў Мінску распачалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.

Хто нарадзіўся 14 лістапада

1812 год: Паўлюк Багрым, беларускі паэт.

1905 год: Міхась Васілёк, беларускі паэт.

1958 год: Уладзімір Качан, беларускі жывапісец-манументаліст.

Таксама сёння нарадзіліся французскі мастак Клод Манэ і шведская дзіцячая пісьменніца Астрыд Ліндгрэн.

14 лістапада ў народным календары

У гэты дзень вернікі шануюць памяць бяссрэбранікаў Кузьмы і Дзям’яна. 14 лістапада яшчэ называлі Восеньскія Кузьмінкі. Кузьма (або Касьма) і Дзям’ян лічыліся заступнікамі рамёстваў, дамашняй птушкі і шлюбу. Ім маліліся аб міры ў сям’і і дапамозе ў навучанні і працы. Асабліва шанавалі ў гэты дзень кавалёў. Прафесія каваля была вельмі запатрабаваная, таму што майстры рабілі сярпы, цэпы, падковы, іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы і зброю. Кавалёў паважалі і крыху баяліся, таму што верылі, што яны могуць знацца з нячыстай сілай. Чорт нібыта мог навучыць каваля рабіць асабліва добрую зброю. Але лічыліся кавалі і абаронцамі ад злых сіл, якія, як вядома, баяцца агню і жалеза. Пра Кузьму і Дзям’яна казалі, што яны куюць зоркі на неба, а таксама закоўваюць рэкі лёдам. Казалі: «Кузьма закуе, а Міхаіл раскуе», таму што ў Міхайлаў дзень часта бывала адліга. У гэты дзень таксама рэзалі курэй і варылі піва. Лічылася, што калі з’есці 14 лістапада курынае мяса, куры заўсёды будуць вадзіцца ў хаце. Калі сёння дзень цёплы, зіма не будзе марознай. Выпала шмат снегу – вясной варта чакаць паводку.

Sputnik