Гэты дзень з’яўляецца дзвесце дзевяноста сёмым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 68 дзён.

Гістарычныя падзеі 24 кастрычніка

У 1780 годзе Марцін Пачобут-Адляніцкі быў прызначаны рэктарам Галоўнай школы ВКЛ, рэарганізаванай з Віленскай акадэміі.

У 1981 годзе ў Беластоку адбыўся сход беларускіх студэнтаў, было вырашана легалізаваць беларускія студэнцкія структуры пры ВНУ Польшчы.

У 1995 годзе Рэспубліка Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з Алжырам.

Хто нарадзіўся 24 кастрычніка

1864 год: Аляксей Андрэевіч Бялыніцкі-Біруля, вучоны-натураліст, падарожнік.

1901 год: Яніна Казіміраўна Глебаўская, беларуская савецкая актрыса, народная артыстка БССР.

1921 год: Надзея Віктараўна Траян, Герой Савецкага Саюза, удзельніца аперацыі па ліквідацыі гаўляйтара Кубе.

Таксама сёння нарадзіліся галандскі натураліст Антані ван Левенгук і расійскі прадпрымальнік Раман Абрамовіч.

24 кастрычніка ў народным календары

У гэты дзень Праваслаўная царква шануе памяць святога апостала ад 70-ці Піліпа. У народзе існавала павер’е, што калі назваць дзіця, што нарадзілася ў гэты дзень, Піліпам, яно пражыве доўгае і шчаслівае жыццё. Увогуле даваць імёны ў гонар святых было традыцыяй, а у гонар пакутнікаў стараліся не называць, таму што верылі, што лёс дзіцяці будзе не вельмі добрым. У гэты дзень сяляне везлі збожжа на млын. Па зорках ноччу варажылі пра надвор’е: калі яны міргаюць, надвор’е хутка зменіцца, зіхацяць роўна – будзе ветрана і суха. Вельмі яркія зоркі прадракалі добры ўраджай на наступны год.