За гэтыя гады шмат чаго змянілася: іншыя часы — іншая інфармацыйная стужка. Прапануем пагартаць падшыўку газет і даведацца, пра што пісала раёнка ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Перагледжваючы розныя нумары, упэўнілася, што тэма выбараў і ў 1939 годзе была вельмі актуальнай. Так, у выпуску ад 21 лістапада паведамлялася, што на акруговым перадвыбарчым сходзе ў вёсцы Вуглы выбаршчыкі тт. Цукернік, Зубовіч, Флор «аднадушна прапануюць падтрымаць рашэнні перадвыбарчых сходаў працоўных Углоўскай выбарчай акругі аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палесскага абласнога Савета дэпутатам працоўных старшыню калгаса імяні Леніна, цешкаўскага сельсавета тав. Жалязняка Лейзера Волькавіча».

Хвалявалі насельніцтва і больш прысадзістыя пытанні. У нумары ад 5 ліпеня 1944 года калгаснік з вёскі Дзёрнавічы скардзіцца на крамніцу Е.А. Шорап, якая завышае цэны на наяўныя ў краме прадметы шырокага ўжывання. «Серп каштуе 6 р. 50 к., а яны прадаюцца па 15-20 руб. Альбо катушка нітак каштуе 42 р., а крамніца ўстанавіла сваю цану і прадае іх па 150-200 руб. Грошы, узятыя звыш устаноўленнай дзяржаўнай цаны, пападаюць у глыбокую кішэню жуліка за прылаўкам».

Але самай доўгачаканай навіной для ўсіх жыхароў краіны Саветаў стала паведамленне аб завяршэнні Вялікай Айчыннай вайны перамогай Савецкага Саюза. 10 мая 1945 года раёнка ў гонар гэтага надрукавала тэкст акта аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброенных сіл. А таксама распавяла пра ўрачысты мітынг, які прайшоў у Нароўлі. «Арганізавана сабралося звыш двух тысяч працоўных на мітынг, прысвечаны святу пераможнага завяршэння Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза супраць немецка-фашыстскіх захопнікаў… Сакратар РК ЛКСМБ тав. Бастун у сваім выступленні заклікаў моладзь раёна дружнай работай на блага радзімы хутчэй аднавіць разбураную гаспадарку і культурныя ўстановы».

Відаць, заклік таварыша Бастуна пачулі, таму што ўжо ў красавіку наступнага года газета хваліла чатырохкласніка Дварышчанскай пачатковай школы Лёню Дубянка, які «з пачатку вясенніх палявых работ увесь свой свабодны час удзяляе рабоце ў калгасе «Іскра». Ён дапамагае даглядаць за тяглавай сілай і з вялікай ахвотай бярэцца за плуг, каб араць. Добра вучачыся ў школе, сабіраючы попел і птушыны памёт, дапамагаючы ў правядзенні палявых работ, вучні тым самым дапамагаюць правесці паспяхова вясеннюю сяўбу ў калгасе».

Гэтыя вытрымкі з артыкулаў «Прыпяцкай праўды» нароўні з астатнімі публікацыямі ўжо сталі часткай нашай з вамі гісторыі, якую мы працягваем пісаць штодзенна для вас, нашыя дарагія чытачы.

Алеся ЛІТВІН