З гэтай нагоды Рыма-Каталіцкая парафія Ўзвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі сардэчна запрашае ўсіх жадаючых, незалежна ад веравызнання, прыняць удзел у Святой Місіі. Праводзіць Місію будзе айцец Юрый Жэгарын з Навагрудка.

Святая Місія – гэта час вялікай Божай ласкі, якая дапаможа выправіць і адбудаваць у нас і вакол нас тое, што было знішчана грахом, што было занядбана праз абыякавасць альбо духоўную ляноту. Гэта час нашага звяртання да Бога, змены жыцця і духоўнага ўзбагачэння, умацавання веры і вяртання да супольнасці Касцёла.

Навошта арганізоўваецца Місія?

Здзейсніўшы справу адкуплення (пасля Мукі, Смерці і Ўваскрасення), Езус даручыў прапаведаваць Слова Божае заснаванай Ім супольнасці вернікаў-касцёла. Мы, напэўна, памятаем запаведзь, якую Езус даў апосталам незадоўга да Свайго Ўнебаўшэсця: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету»(Мц 28,19-20). Так пачалася місіянерская дзейнасць Касцёла, якая ўвесь час пасылае хрысціян да людзей, якія яшчэ не ведаюць Бога.

Хрысціянам пагражае розная духоўная небяспека, заняпад традыцый. Яны пачынаюць весьці лад жыцця, які супярэчыць прынцыпам, што вынікаюць з Евангелля. У такой сітуацыі Касцёл пасылае да слухачоў спецыяльна падрыхтаваных місіянераў, якія, дзякуючы Духу Святому, надзеленыя адпаведнай харызмай. Святая Місія накіравана на тое, каб паглыбіць веру, як сувязь паміж чалавекам і Богам. Хрыстос той жа: учора, сёння і на векі! Аднак гісторыя мяняецца. Мяняюцца пакаленні людзей. Адсюль неабходнасць пастаянна прапаведаваць, распавядаць пра Хрыста, ўсведамляць, што гэта Ён, Адзіны, Адкупіцель свету. А зямныя справы без сувязі з Ім збаўлення нам не забяспечаць. Святая Місія дапаможа асабістаму навяртанню да Бога і ўзаемнаму прымірэнню.

Звычайна Святая Місія адбываецца ў парафіяльнай супольнасці адзін раз на 15 гадоў. У Нараўлянскім Касцёле яна адбудзецца ўпершыню ў рамках падрыхтоўкі да 25-годдзя асвячэння касцёла.