Нараўлянскі раён адзначае 98 гадоў. За амаль векавую гісторыю ён перажыў і цяжкасці, і росквіт, і цяпер з упэўненасцю глядзіць у заўтрашні дзень.

Якім жа для раёна быў 1924 год? Пагартаем старонкі самых значных падзей паводле манаграфіі Леаніда Лісоўскага «Нараўлянскі раён. Гісторыя і геаграфія».

На падставе пастановы 1-й сесіі і прэзідыўма УЦВК ад 4 лютага 1924 года частка раёнаў з беларускім насельніцтвам (у тым ліку Нараўлянская, Дзёрнавіцкая і Махаедаўская воласці Рэчыцкага ўезда) былі перададзены БССР. Новае адміністрацыйнае дзяленне прынята 11-й сесіяй ЦВК БССР ад 17 ліпеня 1924 года. Пачалося скасаванне ўездаў, валасцей і стварэнне акругоў і раёнаў. Нараўлянскі раён аб’яднаў Нараўлянскую, Дзёрнавіцкую, Махаедаўскую воласці і ўвайшоў у склад Мазырскай акругі.

У той час у раёне існавала 95 населеных пунктаў з 6 356 дварамі і насельніцтвам 35 530 чалавек. Галоўны занятак людзей — сельская гаспадарка. Паказальным у 1924 годзе з’яўляўся саўгас «Раманаўка». Гэта была самая моцная гаспадарка раёна. Уражай тут быў на 40 % больш, чым у суседніх вёсках. Акрамя гэтага саўгаса працавалі тры сельскагаспадарчыя таварыствы «Лінаў», «Серп і молат», «Фізінкі».

Цэнтрам агітацыйнай работы былі палітыка-асветныя ўстановы — народны дом, хаты-чытальні ў Дзёрнавічах, Махаедах і раённая бібліятэка. На сходах абмяркоўваліся разнастайныя пытанні. Асабліва шырока — прапаганда агранамічных ведаў. На пясчанай глебе сяляне атрымлівалі вельмі нізкія ўраджаі. Памешчыкі прыгняталі іх. Таму, каб абараніць насельніцтва ад кулакоў, партыя далучала сялян да калектыўнага вядзення гаспадаркі.

У той час ажывіўся гандаль, адкрылася шэраг паравых, вадзяных і ветраных млыноў, розных арцеляў, таварыстваў, заводаў, майстэрнь, працавалі шаўцы, краўцы, цесляры, аднаўлялась кандытарская фабрыка.

Маладая Савецкая дзяржава ўдзяляла шмат увагі пытанням паляпшэння народнай адукацыі. У гэтым годзе існавала 27 школ, навучалася 1 780 навучэнцаў, працавала 38 настаўнікаў. У раёне налічвалася шэсць драмгурткоў, бальніца, урачэбна-амбулаторны, фельчарскі пункты, паштовыя аддзяленні ў Нароўлі і Дзёрнавічах.

Далей адбыліся на Нараўляншчыне масавыя рэпрэсіі. Жыхары раёна прайшлі праз суровыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Балюча закранула сэрцы людзей, пасыпала атамным пылам тэрыторыю катастрофа на ЧАЭС. Сёння разам з краінай  наш раён мужна пераадольвае і наступствы пандэміі, сакцыі з боку Запада. Але няспынна ідзе час, памяць захоўвае і горкія ўспаміны, і гераічныя, і светлыя. Наша Нараўляншчына з кожным годам прыгажэе. Яна не стаіць на месцы, а паспяхова рухаецца наперад у сваім развіцці. А ўсё таму, што наша галоўнае багацце — працавітыя і самабытныя людзі, якія шчыра любяць свой раён, самааддана працуюць і жадаюць яму доўгага, счаслівага жыцця!

Вольга ПАРТЫКА, фота Віктара ПАЎЛАВА