Калі спытать любога беларуса, якую ён памятае байку Кандрата Крапівы, той хутка адкажа: «Дыпламаваны баран», «Дзед і Баба», «Жаба ў каляіне», а яшчэ дадасць — п’еса «Хто смяецца апошнім». Гэтыя творы мы палюбілі і памятаем са школы.

Сёння народнаму пісьменніу Беларусі, драматургу, паэту, празаіку, мовазнавецу, грамадскаму дзеячу Кандрату Крапіве, сапраўднае прозвішча якога Кандрат Кандратавіч Атраховіч, спаўняецца 130 гадоў.

Нарадзіўся будучы класік беларускай літаратуры ў вёсцы Нізок Уздзенскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці).

Першапачаткова сур’ёзнай адукацыі не планавалася. У сем год хлопчык пайшоў у царкоўна-прыходскую школу, праз чатыры гады яе скончыў, навучыўшыся чытаць, пісаць, лічыць. «Бацька вырашыў, што гэтай прамудрасці аж занадта для таго, каб кіраваць гаспадаркай, у якой і да ста лічыць няма чаго», — успамінаў Кандрат Крапіва.

Будучы пісьменьнік павінен быў спыніцца на чатырох класах царкоўна-прыходскай школы. Але памерла маці, бацька ажаніўся ў другі раз і адаслаў сына вучыцца далей. У выніку Кандрат Крапіва атрымаў спецыяльнасць настаўніка, а затым скончыў літаратурна-педагагічнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1915 годзе ён быў мабілізаваны ў армію і накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў каля Санкт-Пецярбурга. Пасля яе заканчэння аказаўся на румынскім фронце, дзе ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях. Пасля вяртання на Радзіму працаваў настаўнікам у вёсцы Каменка Уздзенскай воласці Мінскага павета.

У 1920-1923 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі з 1924 года зноў працаваў настаўнікам у пасёлку Астравок Уздзенскага раёна Мінскай акругі. У 1925 годзе пераехаў у Мінск, дзе да 1926 года працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце.

Літаратурную дзейнасць Кандрат Атраховіч пачаў у 1922 годзе. Першы сатырычны твор на беларускай мове — верш «Сваты» — быў надрукаваны ў газеце «Савецкая Беларусь». З гэтага часу Кандрат Атраховіч стаў Кандратам Крапівой. Псеўданім Крапівы тлумачыцца ў аднайменным вершы «Крапіва». Кандрат Крапіва актыўна ўключыўся ў літаратурнае жыццё.

Яго творчасць адыграла важную ролю ў развіцці сатырычных жанраў у беларускай літаратуры. Ён пісаў фельетоны, эпіграмы, вершы, паэмы, апавяданні, п’есы, і нават раман. Сярод найбольш вядомых твораў — вершаваная казка «Хвядос — Чырвоны нос», п’есы «Хто смяецца апошнім» і «Брама неўміручасці». Бліскучая сатырычная камедыя «Хто смяецца апошнім» стала адным з самых вялікіх поспехаў беларускай савецкай драматургіі. Камедыя была пастаўлена больш чым у 120 тэатрах былога Савецкага Саюза і многіх замежных тэатрах, экранізавана кінастудыяй «Беларусьфільм».

Кандрат Крапіва прайшоў 4 вайны: Першую сусветную, у 1939 годзе ўдзельнічаў у кампаніі па далучэнні Заходняй Беларусі, затым савецка-фінскую і Вялікую Айчынную войны. У апошнюю ў большай ступені ваяваў ужо словам: пісаў для газет «Чырвонаармейская праўда» і «За Савецкую Беларусь», быў адказным рэдактарам сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

Яго поўныя сарказму вершы і эпіграмы давалі мастакам цікавыя тэмы для сатырычных малюнкаў і карыкатур. Часта Кандрат Крапіва ствараў подпісы да малюнкаў Віталія Букатага, таленавітага юнака-карыкатурыста, вучня 4-й Гомельскай чыгуначнай школы. У першыя дні вайны Віталій маляваў антыфашысцкія плакаты, і іх вывешвалі на самых людных вуліцах горада.

Пасля вайны, у 1945-1947 гадах, Кандрат Крапіва быў адказным рэдактарам сатырычнага часопіса «Вожык».

Нягледзячы на ўсю разнастайнасць творчасці Кандрата Крапівы, адной з вяршыняў, самабытнай з’явай сталі байкі. З іх пачалася яго творчасць, да гэтага жанру ён вяртаўся на працягу ўсяго жыцця.

Прайшоў час, але згадзіцеся, што яго творы не страцілі вастрыні і актуальнасці і сёння.

Падрыхтавала Вольга ПАРТЫКА, фото из открытых интернет-источников, носит иллюстративный характер