Вяселле ва ўсе часы лічылася адной з найважнейшых падзей у жыцці кожнага чалавека. І, нягледзячы на тое, што старажытныя абрады незаслужана забываюцца, асобныя элементы традыцыйнага вясельнага абраду ўсё ж захаваліся, праўда, некалькі ў змененым выглядзе. Аб адраджэнні вясельных традыцый у загсе расказала начальнік аддзела загса Нараўлянскага райвыканкама Алена Ваўрэнтовіч.

— Якую ролю ў адраджэнні вясельных народных традыцый адыгрываюць органы загса на сучасным этапе?

— Абрадавая дзейнасць загсу звязана з урачыстай рэгістрацыяй заключэння шлюбу і мае немалаважнае значэнне, таму цяпер усё больш увагі ўдзяляецца адраджэнню народных беларускіх традыцый у сучасных вясельных абрадах.

Сёння маладыя здзіўляюцца, навошта на цырымоніі шлюбу засцілаюць ручнік пад ногі, чаму трэба прыязджаць у загс з хлебам-соллю, ці так трэба запальваць свечкі, і што яны сімвалізуюць… Таму наша задача фіксаваць і рэквізітаваць беларускія народныя вясельныя традыцыі, каб захаваць іх і данесці да моладзі іх сэнс.

— Пачнем па парадку. Што сімвалізаваў рушнік у вясельным абрадзе?

— Рушнік на Палессі сімвалізаваў дарогу або мост у сямейнае жыццё. Апроч гэтага, рушнік таксама быў абярэгам — лічылася, што маладыя будуць абаронены ад псуты і сурокаў, як толькі ступяць на вясельны рушнік.

— Вы таксама згадалі аб запальванні свечак у вясельнай цырымоніі, агонь быў сімвалам сямейнага ачагу, які запальваюць маладыя муж і жонка?

— Так, запальванне свечкі як сямейнага ачагу — гэта сімвалічнае дзеянне, і такі абрад у наш час у загсе праводзіцца па жаданні маладых.

Сутнасць абраду запальвання сямейнага ачагу простая: бацькі сваёй рукой запальваюць свечкі, тым самым перадаючы маладой сям’і ўсё лепшае са свайго шлюбнага жыцця. Маладыя, у сваю чаргу, прымаюць часцінку сямейнага агню. У даўнія часы такія свечкі заварочвалі ў вясельны ручнік і захоўвалі ўсё жыццё. Лічылася, што свечкі, запаленыя на вясельнай цырымоніі, могуць дапамагчы ў выздараўленні, калі мужык ці жонка захварэе.

— Усім вядома, што вясельны каравай належыць падзяліць на вяселлі паміж гасцямі, а што ён сімвалізуе?

— Беларускі народ заўсёды ставіўся да хлеба з глыбокай павагай. Абрадавы хлеб з’яўляецца абавязковым і неад’емным атрыбутам беларускага вяселля. Вясельны каравай — гэта сімвал сямейнага шчасця, дабрабыту і дастатку. Пачаткам вяселля лічылася выпячка каравая, а заключнай часткай, калі каравай дзялілі і адорвалі ім усіх гасцей. Пяклі вясельны каравай толькі замужнія жанчыны, якія працяглы час пражылі ў шчаслівым шлюбе. Выпечка суправаджалася абрадавымі песнямі, якія павінны былі спрыяльна паўплываць на лёс маладой пары.

Цяпер бацькоўскім хлебам-соллю благаслаўляюць маладых на парозе зала аддзела загса.

— Якія ёсць яшчэ, на вашую думку, незаслужана забытыя беларускія народныя традыцыі?

— Напрыклад, два келіхі з сокам, якія сімвалізуюць «чару цярпення» — яе трэба было выпіць, каб яна ніколі не перапаўнялася. Ёсць яшчэ такія прыгожыя беларускія народныя традыцыі, як пачастунак кожнага з маладых лыжачкай мёду, абсыпанне маладых збожжам, манетамі, пялёсткамі кветак.

Хацелася б на цырымоніі шлюбу часцей бачыць на маладых і гасцях элементы традыцыйнага беларускага адзення і вышыўкі, упрыгожванняў і аксесуараў. Таму што вяселле — гэта не проста прыгожае суправаджэнне афіцыйнага афармлення адносін, а абрад, які настройвае сямейную пару на доўгае і шчаслівае сямейнае жыццё.

Алеся ЛІТВІН, фота аўтара