5 красавіка па ўсім свеце Пасху адзначаюць каталікі ды іншыя хрысціяне.

Вялікдзень — гэта свята Хрыстова Уваскрэсення і магчымасць для кожнага чалавека праз пакуты і выпрабаванні Збаўцы духоўна ачысціцца і атрымаць вечнае жыццё душы, гэта свята пераходу ад няволі смерці да свабоды вечнага жыцця, свята аднаўлення ўсяго стварэння ў Езусе Хрысце. Вялікдзень таксама называюць Пасхай, што ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае «пераход».
— Падчас Вялікага посту вернікі нястомна працуюць над узятымі на сябе пастановамі, для барацьбы з заганамі, трымаюць пост, больш інтэнсіўна моляцца, удзельнічаюць у адмысловых набажэнствах у касцёлах, а таксама актыўна прыступаюць да сакрамэнта споведзі, каб з ачышчанаю душою распачаць святкаванне Вялікадня, — распавядае пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі Януш Чарнамораў.
Каталікі імкнуцца ўдзельнічаць у святых цэлебрацыях тры дні. Вялікі Чацвер — узгадваецца Апошняя Вячэра, а таксама ўстанаўленне сакрамэнта Эўхарыстыі і Святарства. Вялікая Пятніца — дзень Мукі і Смерці Збаўцы, у касцёлах адбываецца цэлебрацыя Літургіі Мукі Пана. Вялікая Субота — зыходжанне Езуса ў адхлань.
У начы, вернікі збяруцца на Пасхальную Вігілію, такім чынам распачынаючы святкаванне Вялікдзеня.
— Святкуючы Пасху вернікі прыносяць для асвячэння велікодныя стравы ў кошычках: хлеб (сімвал Езуса), яйка (сімвал плоднасці, адраджаючага жыцця і знак перамогі Езуса над смерцю), мяса і вяндліны (сімвал дастатку сям’і), соль (захоўвае ад псавання, мае таксама ўласцівасць ачышчэння), хрэн, сыр, велікодную булку, фігурку ягняці (сімвал Змёртвыхпаўсталага Езуса, пакоры і лагоднасці) і ваду, — тлумачыць ксёндз.
Вяртаючыся з начной Літургіі або раніцай, каталікі сядаюць за велікодны сняданак у коле сям’і.
Урачысты стол накрываецца белым абрусам з залатой стужкай, на які ставяцца галінкі вярбы, асвечаныя яйкі, прарошчаная пшаніца ці буйміна, барвенак ці самшыт. Зеляніна сімвалізуе новае жыццё, атрыманае падчас святога хросту. На велікодны стол таксама пажадана падаць асвечаную соль, хрэн і перац, якія нагадваюць біблейскія горкія травы.
Такім чынам, Вялікдзень — гэта не проста свята, а само сэрца хрысціянства, яго неад’емная аснова.
Уваскрасенне Збавіцеля з мёртвых азначае не толькі праяву звышнатуральнай сілы, але і ўяўляе сабой вобраз бязмежнай любові Бога да чалавека. Аднойчы людзі здзейснілі грэхападзенне, але цяпер кожны можа скарыстацца сваім правам на прабачэнне і памілаванне.
Ірына НЕДАШКОУСКАЯ, фота з архіва Януша Чарнаморава
