
Хрыстова Нараджэнне — гэта свята, якое нясе з сабой цеплыню і спакой, так знаёмыя і блізкія сэрцу кожнага чалавека. Гэта час асаблівай радасці, любові, прабачэння і еднасці. Гэта час, калі мы ўзносім да Нябеснага Айца гімн удзячнасці і любові: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» (Лк 2, 14). Час, калі мы праслаўляем Бога, бо ў таямніцы Уцелаўлення свайго Адзінароднага Сына, Езуса Хрыста, аб’явіў нам бязмежнасць сваёй айцоўскай любові.
З нагоды святаў Божага Нараджэння, а таксама надыходзячага Новага 2026 года Гасподняга, прагну скласці сардэчныя віншаванні ўсім людзям добрай волі.
Няхай гэты святочны час напоўніць вашыя сэрцы спакоем, любоўю і надзеяй. Няхай святкаванне Нараджэння Збаўцы нашага Езуса Хрыста дапаможа адчуць радасць і цеплыню сэрцаў блізкіх нам людзей. Жадаю вам, каб свята Нараджэння Пана, было часам разважанняў аб Божых справах, часам удзячнасці і міласэрнасці.
Няхай міласэрны Бог адорыць кожнага сваім благаслаўленнем, моцным здароўем, шчасцем, зычлівымі людзьмі і поспехамі ў Новым 2026 годзе Гасподнім.
Радасных святаў! Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
Айцец Януш Чарнамораў, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі
