13 верасня ў Нароўлі прайшло парафіяльнае свята, прысвечанае Узвышэнню Святога Крыжа. Урачыстасць сабрала святароў, мясцовых парафіян і гасцей з розных куткоў Беларусі.

Галоўным момантам дня стала святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска. У сваім казанні біскуп разважаў пра значэнне Крыжа ў жыцці хрысціяніна. Ён прыводзіў жыццёвыя прыклады і сведчанні людзей, якія праз веру знаходзілі сілы несці свой жыццёвы крыж, падкрэсліваючы, што Бог заўсёды дапамагае тым, хто давярае Яму.

Па традыцыі ў пачатку літургіі мясцовыя парафіяне прывіталі высокага госця хлебам-соллю, выказваючы шчырую пашану і гасціннасць. А пасля заканчэння святой Імшы вернікі павіншавалі біскупа Андрэя Зноску з чарговай гадавінай яго біскупскай сакры. У якасці падарунка яны ўручылі яму прадукцыю нараўлянскага прадпрыемства «Красны Мазыранін», якая славіцца сваімі якаснымі і смачнымі вырабамі.

Пробашч мясцовай парафіі айцец Януш Чарнамораў падкрэсліў, што свята ў нараўлянскім касцёле стала не толькі духоўнай падзеяй, але і яскравым сведчаннем еднасці парафіяльнай супольнасці. Вернікі адзначылі, што такія сустрэчы дапамагаюць умацаваць веру і нагадваюць пра важнасць Крыжа ў штодзённым жыцці.