Калі гавораць пра беларускія стравы, то многім на розум прыходзяць толькі дранікі. Так, гэта самая папулярная нацыянальная страва. Але на нараўлянскай зямлі яшчэ шмат іншых кулінарных шэдэўраў, а рэцэпты перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Прапануем падборку страў, якія нашы гаспадыні рыхтуюць і сёння, аддаючы даніну традыцыям і запрашаючы да стала гасцей.

У Нароўлі «калдуны», а ў Свячы «балваны»

Зразумела, куды ж беларусам без бульбы. Выдатнай альтэрнатывай дранікам стануць калдуны ці, як гавораць у Свячы, — балваны.

Нам спатрэбяцца: бульба 10-12 шт., фарш мясны 300 г, цыбуля 2 шт., мука 1 ст. л., яйка 1 шт., соль, перац (па гусце), алей (для абсмажвання).

Спачатку рыхтуем начынне з фаршу. Для гэтага цярэм палову цыбулі на дробнай тарцы і дадаем яе ў фарш. Туды ж дадаем соль і перац. Добра змешваем. Начынне для калдуноў гатова. Бульбу і застаўшуюся палову цыбулі цярэм на дробнай тарцы. Дзякуючы цыбулі бульба не пацямнее. Добра адціскаем бульбу, дадаем яйка, муку, замешваем цеста. Фарміруем калдуны рукамі, надаючы ім авальную форму: робім аладку з бульбы, у сярэдзіну кладзем фарш, зверху выкладваем яшчэ трохі бульбяной масы, каб зачыніць начынне. Абсмажваем калдуны на раслінным алеі на патэльні і перакладаем у чыгунок. Абсмажваем застаўшуюся цыбуліну і дадаем яе зверху да калдуноў. Ставім у печ або духоўку, разагрэтую да 200°С на 30 хвілін. На стол падаем са смятанай.

Тоўстыя бліны

Калі мяне спытаюць, якая мая самая любімая страва, я без сумнення адкажу: бабуліны пышныя бліны, якія можна прыгатаваць з мінімуму інгрэдыентаў.

Нам спатрэбяцца: сыроватка 500 мл, мука 180 г, сода 0,5 ч. л., воцат (каб пагасіць соду), соль, цукар (па гусце), (сала) для змазвання патэльні.

Муку прасейце. Сыроватку нагрэйце, дадайце цукар і соль па гусце. Паступова дадавайце ў цёплую сыроватку муку, узбіваючы цеста венцам. Павінна атрымацца дастаткова густое цеста, крыху радзей жыж, чым на аладкі. Дадайце ў цеста соду, гашаную воцатам. Гатовае цеста пастаўце ў цёплае месца на тры гадзіны. Выпякайце на патэльні. Падавайце са смажаным салам або мачанкай.

Мачанка

І калі ўжо гаворка зайшла пра мачанку, то варта распавесці і пра яе прыгатаванне.

Нам спатрэбяцца: паўшклянкі сухіх грыбоў, грудзінка з рабрынкамі 400 г, каўбаскі хатнія 4 шт., цыбуля 2 шт., смятана 200 г, мука 1-1,5 ст. л., соль, перац, зеляніна (па гусце).

Зальем сухія грыбочкі кіпенем, пакінем на 2-2,5 гадзіны. Адварым іх да гатовага стану, нарэжам. Грудзінку наразаем на рэбры і невялікія кавалачкі. Выкладваем свініну ў патэльню разам з грыбамі, дадаем каля 150 мл вады, і пакідаем тушыцца пад крышкай на сярэднім агні 20 хвілін. Далей дадаем буйна нарэзаную каўбаску і цыбулю, солім, перчым і пакідаем на агні пад крышкай яшчэ хвілін на 15, перыядычна памешваючы. Калі каўбаска ўжо будзе гатовая, прыпыліце мяса мукой, калі бачыце, што маса стала зусім сухой, дадайце яшчэ вады. У самым канцы дададзім смятану і зноў добра перамяшаем, пасыплем дробна насечанай зелянінай і пакінем на выключанай пліце пад крышкай хвіліны на 2-3.

Алеся ЛІТВІН