Паўсотні сямей прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі нараўлянскага Касцёла.

З 13 па 21 мая каталіцкая парафія ў Нароўлі праводзіла акцыю пры падтрымцы каталіцкай дабрачыннай місіі «Карытас-Міласэрнасць».
Дапамогу ў выглядзе прадуктовых набораў атрымалі паўсотні сямей Нараўляншчыны. Катэгорыя людзей разнастайная. Гэта шматдзетныя сем’і, сем’і з дзяцьмі-інвалідамі, апякунскія сем’і, дарослыя інваліды і пенсіянеры.
— Дабрычыннасць у Каталіцкім Касцёле — гэта шлях любові да Бога і бліжняга. Праз служэнне бедным і патрабуючым Касцёл выконвае сваё пакліканне паказваць асаблівую любоў Хрыста да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, — рапавядае настаяцель касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі, Айцец Януш Чарнамораў. — Вера павінна выяўляцца ў канкрэтных учынках. Як кажа апостал Якуб: «Што за карысць, браты мае, калі хто кажа, што мае веру, а спраў не мае? Ці можа вера выратаваць яго?» Калі мы бачым брата ці сястру ў нястачы і не дапамагаем ім, наша вера застаецца мёртвай.
У Евангеллі паводле Мацвея Езус Хрыстус ясна паказвае, што на апошнім судзе мы будзем асуджаныя таксама паводле нашых учынкаў міласэрнасці. Таму пры жыцці патрэбна стварыць як мага больш добрых спраў.
Ірына НЕДАШКОЎСКАЯ, фота Януша Чарнаморава
