27 верасня 2025 года ў касцёле  нараўлянскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа распачаўся хрысціянскі Альфа-курс. Амаль паўсотні вернікаў прымалі ў ім актыўны ўдзел.


Кожную суботу праходзіла сустрэча ўдзельнікаў па нязменнаму плану: пачастунак (кава, гарбата, слодычы), тэматычная канферэнцыя, слова святара, праца ў групах, малітва.


Асноўнымі спікерамі Альфа-курс сталі пробашч Навагрудскай парафіі ксёндз Юрый Жэгарын і вернікі Навагрудка, якія прыяжджалі ў Нароўлю кожную суботу.


У межах курса ўдзельнікі мелі магчымасць накіравацца ў Навагрудак, дзе ў парафіяльным рэкалекцыйным доме прайшлі духоўныя практыкаванні для новых удзельнікаў Альфа-курса з усёй Беларусі.


У суботу, 29 лістапада, адбылося ўрачыстае завяршэнне Альфа-курс у Нараўлянскай парафіі. Вернікі нараўлянскай парафіі выказалі словы ўдзячнасці ўсім, дзякуючы каму адбыўся гэты курс і спадзяюцца на яго працяг у наступным годзе.

Удзел  у Альфа-курсе, важны, бо ён прапануе канкрэтныя сродкі для паглыблення і перажывання хрысціянскага жыцця, асабліва ў сучасным свеце.


Курс служыць шляхам да навяртання і дапамагае ўдзельнікам адказаць на хвалюючыя пытанні, аднавіць радасць і сэнс жыцця, паглыбіць веды з навукі Касцёла. Асабістая фармацыя дае вернікам магчымасць яшчэ больш з’яднаць сваё жыццё вакол Хрыста і развіваць усе вымярэнні свайго жыцця.


Удзел у супольнасці Касцёла і перажыванне веры разам з іншымі можа быць крыніцай аздараўлення і надзеі для тых, хто пакутуе ад трывогі, адзіноты або дэпрэсіі.


Альфа-курс ды іншыя каталіцкія ініцыятывы падкрэсліваюць важнасць малітвы і еднасці з Хрыстом, частага прыняцця сакрамэнту пакаяння і таго, што Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам хрысціянскага жыцця і ўсёй дзейнасці чалавека.
Сістэматычная катэхізацыя і духоўнае адраджэнне спрыяюць таму, што свецкія людзі будуць больш упэўненыя ў сваёй веры і падрыхтаваныя да адпаведнага перажывання жыцця ў веры і служэння іншым.