14 верасня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. Свята гэта звязана з фактам знаходжання крыжа, на якім памёр Езус Хрыстус.


Для нараўлянскай парафіі — гэта асаблівы дзень у літургічным годзе, таму што мясцовы касцёл носіць тытул «Узвышэння Святога Крыжа».


У гэты дзень каталікі нараўляншчыны збіраюцца разам на святую Імшу, каб дзякаваць Богу за чарговы год пражыты ў парафіяльнай супольнасці. Малітвамі ўспамінаюць айца Станіслава Салата, які разам з тагачаснымі актыўнымі каталікамі, займаўся будаўніцтвам касцёлаў у Нароўлі і ў Грушаўцы, вітаюць гасцей, моляцца, спяваюць, цешацца вызнаванай верай.
Сёлета ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы айцец Ян Кузюк, які нясе святарскае служэнне ў Мінскім архікатэдральным касцёле.


Падчас урачыстай Літургіі вернікі разважалі пра Крыж, які з моманту смерці Езуса прысутнічае ў хрысціянстве і ў жыцці кожнага верніка мае глыбокі сэнс. Крыж выкарыстоўваецца ў літургіі і асвячае ўсё хрысціянскае жыццё: ім мы распачынаем і завяршаем малітву, распачынаем дзень і кожную важную дзейнасць. Крыж, які носім на шыі, дома, на працы або ўсталёўваем на святынях, нагадвае нам таксама пра нашае пакліканне. Яго значэнне становіцца мэтаю жыцця для хрысціянаў, бо мы бачым у ім канчатковую перамогу дабра над злом.


Крыж — гэта сімвал, які абагульняе найважнейшыя праўды хрысціянскай веры.
«Крыж — гэта крыніца несмяротнага жыцця, ён з’яўляецца школай справядлівасці і міру, універсальнай спадчынай прабачэння і міласэрнасці; пастаянным сведчаннем ахвярнай і бясконцай любові» — Бэнэдыкт XVI.


Штодзённае ўзіранне ў крыж Хрыста — гэта таксама адзін з самых надзейных шляхоў да святасці. Як навучае мітрапаліт Юзаф Станеўскі: «кожны святы мае сваю гісторыю жыцця, кожны грэшнік мае сваю будучыню».