22 сакавіка Беларусь шануе памяць вёсак, спаленых фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэты дзень у 1943 годзе ў агні знішчана Хатынь. Страшэнны лёс разам з Хатынню падзялілі звыш 9 000 сёл і вёсак нашай Радзімы. Адна з іх — Лубянь, размешчаная ў нашым раёне.
У даваенныя гады вёска налічвала 84 двары, у ёй пражывала 362 жыхары. Гэта быў невялікі населены пункт у адну вуліцу, акружаны лесам. Але жыццё ў ім кіпела: працавалі шмат, але і весяліцца ўмелі.
Ураджэнцы Лубяня Алене Высоцкай было 13 гадоў, калі пачалася вайна. Яна памятае, што мужчыны пайшлі на фронт, уступілі ў партызанскія атрады. А дома засталіся жанчыны, старыя ды дзеці. Партызаны размясціліся непадалёк, а таму былі частымі гасцямі ў вёсцы.
— Нам, падлеткам, было зусім нястрашна, калі ў нас спыніліся чэшскія салдаты, — расказвае Алена Васільеўна. — Сапраўдны жах мы адчулі, калі летам 1943 года прыйшлі мадзьяры. Яны забіралі рэчы, жывёлу, птушку, распраўляліся з жыхарамі.
Многія лубянцы хаваліся ў лесе, сярод іх была і Алена Высоцкая. Лес стаў выратаваннем для іх. Тых жа, хто застаўся ў вёсцы, мадзьярскі карны атрад сагнаў у хлеў, перастраляў усіх з аўтамата, а потым спаліў і хлеў, і вёску. У той дзень ад рук гэтых катаў загінулі каля 80 чалавек.
— Калі карнікі сышлі, мы вярнуліся ў вёску, дакладней — на папялішча. Не перадаць, як было цяжка. Загінулі цэлыя сем’і — старыя, жанчыны з дзецьмі, і не было каму іх аплакваць, — успамінае відавочца.
Тыя, хто пазбег страшнай долі, сышлі ў лес, пабудавалі курані, выкапалі зямлянкі. Але і там іх не пакідалі фашысцкія памагатыя — адбіралі апошняе, забівалі.
Пасля вызвалення раёна ад варожых захопнікаў пачалося яго аднаўленне. Людзі, пазбаўленыя прытулку, жылі ў зямлянках і будавалі новыя дамы. Пабудавалі сабе хату і Алена Васільеўна з мужам. За доўгае працоўнае жыццё ёй прыйшлося працаваць у лясніцтве, калгасе, санітаркай на ФАПе. І дома не сядзела без справы: апроч гаспадаркі займалася вырабам пражы, ткацтвам, вязаннем, вышыўкай. Жанчына годна выхавала траіх дзяцей.
Цяпер Алена Высоцкая жыве ў дачкі ў Ельску. Ваеннае ліхалецце і цяжкая праца паўплывалі на здароўе сведкі тых страшных падзей, ды і гады бяруць сваё. Нягледзячы на гэта, ў яе памяці жывыя ўспаміны аб тых, хто стаў ахвярай фашызму.
Сёння ў Лубяні ніхто не жыве. Толькі некалькі дачнікаў прыязджаюць час ад часу. Але кожны год, у Дзень памяці спаленых вёсак, да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны збіраюцца тыя, хто жадаюць пакланіцца імёнам землякоў, якія загінулі за родную зямлю.
Алеся ЛІТВІН, фота Віктара ПАЎЛАВА