Сёння корманарыхтоўка — ключавая задача ў КСУП «Брацтва». Тут ёй надаюць асаблівую ўвагу, каб у хуткім тэмпе і якасна зрабіць неабходныя запасы корму жывёлам.
У гаспадарцы касавіца вядзецца паўторна. Першы ўкос ужо завершаны. На сенажацях плошчай 160 га вымахалі новыя травы, густыя і сакавітыя, дасягнуўшыя паўметровага росту. Прыемна назіраць, як кладуцца роўныя пракосы.
—Увогуле мяркуецца, што для патрэб жывёлагадоўлі неабходна нарыхтаваць 550 тон сена і 1 280 тон сянажнай масы, — разказвае дырэктар Міхаіл Шабалін. — Механізатары Аляксандр Кулявец (на фота), Дзмітрый Цалка, Мікалай Кудзін, Захар Кулявец, Аляксандр Арлоў імкнуцца зберагчы вырашчаны ўражай, каб стварыць трывалую кармавую базу для статка. Мы не маем маральнага права дапусціць страты ў час, калі ўлада дзяржавы ўсімі сіламі стараецца зберагчы харчовую небяспеку Беларусі. Таму нарыхтоўка кармоў для нас, як заўсёды, — самая адказная і гарачая пара.
Тут перажываюць за канчатковы вынік працы. Ва ўсім адчуваецца, што людзі поўныя рашучасці правесці нарыхтоўку ў самыя аптымальныя тэрміны. Вядома, што калі жывёлы будуць з якаснай ежай, тады дадуць высокія ўдоі і прывесы. Што ж, добрых запасаў кармоў, выдатнай якасці ўборкі вам, дарагія працаўнікі сельскай гаспадаркі!
Вольга ПАРТЫКА, фота Віктара ПАЎЛАВА