Народны пісьменнік Беларусі, класік нацыянальнай і сусветнай літаратуры, акадэмік, лаўрэат некалькіх дзяржаўных і многіх літаратурных прэмій, Герой Сацыялістычнай Працы, франтавік, узнагароджаны ордэнамі і медалямі ваеннага і мірнага часу… Гэта сапраўдны народны пісьменнік, майстар слова, адзін з самых выдатных і вядомых беларускіх празаікаў . А яго героі — блізкія і зразумелыя чытачу людзі.
“Глыбокая плынь”, “Сэрца на далоні”, “Трывожнае шчасце”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль”… Больш за дзесятак раманаў, каля чатырох дзесяткаў аповесцей, з дзесятак п’ес, апавяданні, публіцыстыка, крытыка…
Пачынаў літаратурную дзейнасць Іван Пятровіч яшчэ да вайны, калі быў студэнтам тэхнікума будаўнічых матэрыялаў у Гомелі. Удзельнічаў у літаратурным аб’яднанні пры абласной газеце “Гомельская праўда”. У 1945-м у часопісе “Полымя” была надрукавана першая яго аповесць “Помста”.
Станаўленне творчай індывідуальнасці Івана Шамякіна адбывалася пад уплывам розных фактараў. Чалавек фарміруецца ў дзяцінстве, гэта агульнавядома. Прыклад бацькі і маці, руплівых працаўнікоў, ранняя самастойнасць і праца, каб зарабіць рубель, сфарміравалі адказныя адносіны да ўсяго, за што браўся будучы пісьменнік. Ці не ў тым асноўная прычына нястомнай творчай працы Iвана Шамякіна, жыццё якога больш можна ахарактарызаваць выслоўем вядомага рускага пісьменніка Ю. Алешы: «Ни дня без строчки!»
Ён рана застаўся без бацькоў, на сабе спазнаў увесь жах вайны — ад званка да званка воінам Савецкай арміі прайшоў усю Вялікую Айчынную, цяжка перажыў заўчасную смерць сына, несуцешным болем заставалася для яго страта адзінай і любай жонкі Марыі Філатаўны…
Іван Шамякін прайшоў шлях ад вясковага падлетка, сына лесніка да знакамітага пісьменніка. Больш чым паўстагоддзя ен аддаў працы ў літаратуры, пакінуў нам у спадчыну шмат кніг. Сёння Івана Пятровіча няма разам з намі. Але жывуць яго кнігі, жыве пвмяць тых, каму пашчасціла ведаць яго, быць побач. Жыве удзячнасць чытачоў.
Няма сумненя, што імя пісьменніка захаваецца ў памяці нашчадкаў, бо зробленае ім значна ўзбагаціла скарбніцу не толькі нацыянальнай, але і сусветнай культуры.
14 кастрычніка 2004 года Іван Шамякін адышоў у вечнасць.
Падрыхтавала Наталля ЛАПАЦІНА, фота БЕЛТА, сайт narbel.bsu.by