Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, дарагія вернікі і людзі добрай волі!

З нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння звяртаюся да вас са словамі калядных віншаванняў.

Божае Нараджэнне напоўнена глыбокім сэнсам: Бог сярод нас, Бог Сапраўдны, Вечны і Усемагутны, Творца ўсяго і абсалютны Валадар прыходзіць да нас з адным жаданнем — збавіць нас.

Менавіта вера дапамагае нам распазнаць у Нованароджаным нашага Бога, — Слова, якое сталася целам, Збаўцу свету, які просіць нас бязмежна даверыцца Яму і ўскласці ўсю надзею нашу на Яго.

Калядны час натхняе ўсіх нас да паглыблення веры, надзеі і любові. Сын Божы ўваходзіць у нашае жыццё і ціха стукаецца ў дзверы кожнага сэрца, запрашаючы адкрыцца на дар Божай любові.

Схіляючыся перад таямніцай Божага Нараджэння, жадаю ўсім вам цеплыні сямейнай атмасферы калядных святаў. Няхай Збавіцель свету напоўніць кожны дом і кожнае сэрца сваёй прысутнасцю і благаслаўленнем.

Няхай цяпло і надзея, якія асвятлілі ноч Хрыстовага Нараджэння, дапамогуць нанова адчуць, як моцна мы любімыя і як жа наша любоў неабходная кожнаму чалавеку, якога Бог ставіць на шляху нашага жыцця.

Няхай Божае Дзіцятка прынясе паўнату Божага благаслаўлення і радасці жыцця ў Новым 2024 Годзе Гасподнім.
Хрыстос Нарадзіўся! — Славім Яго!