28 красавіка праваслаўныя вернікі памінаюць памерлых. Па традыцыі Радаўніца прыпадае на дзевяты дзень пасля велікоднай нядзелі, у аўторак Фамінога тыдня.

Назва паходзіць ад слова «радасць», якую прынесла ўсім Уваскрасенне Гасподняе. Радаўніца займае асаблівае месца ў гадавым крузе царкоўных святаў. Царква ў гэты дзень заклікае хрысціян не смуткаваць з-за смерці блізкіх, а наадварот — радавацца іх уваходжанню ў новае жыццё — жыццё вечнае. Перамога над смерцю, здабытая Хрыстом, выцясняе смутак аб часовым расставанні з роднымі. Молячыся за памерлых, жывыя дзеляцца з імі пасхальнай радасцю аб уваскрослым Госпадзе, бо ў Бога ўсе жывыя.

Для гэтага дня абавязковыя абрадавыя стравы — памінальная посная куцця з мёдам, фарбаваныя велікодныя яйкі, кулічы, бліны. Таксама прынята раздаваць міласціну і рабіць добрыя справы.

У храмах на Радаўніцу здзяйсняецца велікоднае памінанне памерлых. Калі магчымасці пайсці ў царкву няма, то памаліцца за нябожчыка можна і дома. Памінаюць іх і на могілках: запальваюць свечку, чытаюць малітву альбо моўчкі ўспамінаюць. Як праява непавагі да продкаў расцэньваецца брыдкаслоўе, курэнне, ужыванне алкаголю на могілках. Галоўнае прызначэнне Радаўніцы — малітвы аб супакоі душ родных і блізкіх.

Людміла НЕЎМЕРЖЫЦКАЯ, фота Алеся АСТАПАВА