Мінуў вялікі пост, і мы сустракаем Уваскрослага Хрыста, пачуўшы Яго словы, якія ў дзень свайго Уваскрасення Ён сказаў сваім апосталам: «Спакой вам!»
Гэты спакой каштаваў Хрысту цяжкіх пакутаў і крыжовай смерці. Аднак Ён не зводзіць з намі рахунак, толькі прагне, каб падараваныя праўда і ласка не былі адкінуты і змарнаваны. І таму Езус шукае тых, хто гэты спакой здольны прыняць. Ён прагне, каб сэрца чалавека, да якога стукаецца, шанавала тое, што Бог зрабіў для яго збаўлення, і з павагай ставілася да кожнага знаку Яго міласэрнай любові!
Хрыстос перамог смерць і зло, і запрашае нас стаць удзельнікамі гэтай перамогі. Яго пустая магіла сведчыць пра тое, што няма такой сілы, якая магла б перакрэсліць Божыя намеры. Нават калі хтосьці спрабуе гэта рабіць, яму спадарожнічае малітва Хрыста: «Ойча наш, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».
Дык будзьма паслядоўнікамі нашага Уваскрослага Хрыста, каб разам з Ім мы станавіліся будаўнікамі Яго Валадарства ў нашай краіне! Няхай святло Яго Уваскрасення разгоніць цемру духоўнай ночы і асвеціць нашыя розум і сэрца, каб мы вялі годнае жыццё тут, на зямлі, і гэтым праслаўлялі Міласэрнага Айца ў Нябёсах!
Жадаю, умілаваныя вернікі, каб Уваскрослы Езус стаў крыніцай вашай радасці, выразам якой з’яўляецца літургічны заклік: «Алілуя!» Няхай Езус Пераможца будзе крыніцай надзеі і моцы, якая дазволіць нам адважна крочыць у гэтым свеце. Святла і Божага спакою ўсім нам!
Ксёндз Януш Чарнамораў