Дзяды — свята беларускага народнага календара, якое звязана з памінаннем памерлых. У славянскай міфалогіі «дзядамі» называюць душы продкаў. У Беларусі такія дні бываюць розныя: масленічныя, радаўніцкія, траецкія, пятроўскія, змітраўскія, але галоўныя — восеньскія, якія адзначаюцца ў лістападзе.

У цэнтры абраду — вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Дзяды прадугледжвалі сумесную трапезу жывых і родзічаў, якія пайшлі ў іншы свет. У гэты дзень кожны павінен быў успомніць лепшыя рысы прашчураў, аддаць ім належную павагу. Беларусы заўсёды адрозніваліся сваім паважаным стаўленнем да продкаў. Ужо тады людзі разумелі, як важна ўшаноўваць іх, зберагаць вопыт для сваёй будучыні, захоўваць сувязь пакаленняў. Яны адчувалі сябе звяном адзінага непарыўнага ланцугу. Таму напярэдадні памінальнага дня было прынята прыводзіць магілы ў парадак, прыбіралі падвор’е, хату, мыліся ў лазні, святочна апраналіся, рыхтавалі багаты стол. Лічыцца, што ў гэты дзень душы памёрлых продкаў прыходзяць да жывых, каб паглядзець на сваіх нашчадкаў, радуючыся за іх поспехі і сумуючы, калі ў хаце штосьці робіцца не так. Таму ўсе імкнуліся пазбегнуць іх гневу і заручыцца падтрымкай. Гаспадар запальваў свечку і чытаў малітву, запрашаў да стала нябожчыкаў. У асобную пасудзіну адкладвалі кавалачак ад кожнай стравы. Стол па заканчэнні застолья не прыбіраўся да раніцы, каб духі маглі папрысутнічаць даўжэй. Свечку гасілі бліном або кавалачкам хлеба і сачылі за дымам. Калі ён ішоў уверх, сям’ю чакаў дабрабыт, у бок — нядобры знак або бяда.
Гістарычна так склалася, што большасць беларусаў аддавалі перавагу ўспамінаць памерлых менавіта восенню. Звычайна гэта была трэцяя па ліку субота пасля Пакравы. Аднак немала і тых, хто памінае памерлых толькі на Радаўніцу, якая адзначаецца вясной пасля Вялікадня. Зусім не важна, колькі разоў у год шанаваць памяць. Галоўнае — не забываць гэта рабіць. Акрамя наведання могілак, прынята пабываць у царкве, заказаць службу за спачын душ памерлых або хаця б дома запаліць свечку.
Вольга ПАРТЫКА, фота Алесі Літвін
