На полі са спелым збожжам КСУП «Брацтва» сабраліся шмат ганаровых гасцей, каб ушанаваць працу хлебаробаў і даць старт пачатку ўборачнай кампаніі.
На свяце прысутнічалі першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Коваль, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марына Альховік, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Аляксей Ранько, старшыня Галоўчыцкага сельсавета Іван Субоцін, дырэктар КСУП «Брацтва» Міхаіл Шабалін, а таксама адміністрацыя сельгаспрадпрыемства. Але галоўнымі на свяце, безумоўна, былі камбайнёры, якім наперадзе давядзецца цяжка працаваць, каб сабраць ураджай.
Шчыра віталі віноўнікаў урачыстасці народныя фальклорныя ансамблі «Вярба» і «Спадчына».
Словы шчырай удзячнасці хлебаробам выказала загадчык Дзямідаўскага СДК Людміла Ятчанка:
—Слава тым людзям, хто хлеб пасеяў, вырасціў, каб першыя зярняты ляглі на стол цяжкім караваем.
А першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Коваль адзначыла:
—Вельмі важна, што ў Год гістарычнай памяці мы адраджаем традыцыю свята «Зажынкі». Камбайнёры павінны сабраць кожнае зярнятка, каб унесці добры ўклад у харчовую бяспечнасць дзяржавы.
Наталля Рыгораўна ўручыла каравай, які ёй паднеслі дзеці ў нацыянальных касцюмах, Міхаілу Шабаліну і пажадала яму сабраць добры ўраджай хлеба.
Дбайна на полі зжалі першы сноп руплівыя жнейкі, якія дзякавалі зямліцу за яе пладавітасць. Па традыцыі яго зберагалі да новага ўраджаю. Снапы з зярнятамі жнейкі перадалі кіраўніку сельгаспрадпрыемства і галоўнаму аграному Віктару Ігнатовічу. Міхаіл Васільевіч тройчы падкінуў угару сноп. Па павер’ю, чым вышэй ён падлятаў, тым больш шчодрым будзе ўраджай. А Віктар Аляксандравіч свой сноп адправіў у жатку камбайна, каб спраўна працавала тэхніка і хутчэй скончылася жніво.
Кожная добрая справа, як правіла, пачынаецца з малітвы. Хлебаробаў благаславіў на працу настаяцель царквы Параскевы Пятніцы вёскі Вербавічы Пётр Бусь.
Бітва за ўраджай пачалася. Шчыра жадаем хлебаробам, каб яны ўсё жыта дбайна сабралі і шчодрыя дажынкі спраўлялі. А на развітанне лідэр прафсаюзнага руху Нараўляншчыны Аляксей Леанідавіч даў наказ камбайнёрам хутчэй намалаціць першую тысячу тон зярна і даў абяцанне, што тады ён прыедзе да хлебаробаў з падарункамі.
Што ж, поспехаў вам, дарагія працаўнікі залатых палёў!
Вольга ПАРТЫКА, фота Віктара ПАЎЛАВА