У аграгарадку Ляскавічы завяршаецца будаўніцтва аб’ектаў гісторыка-этнаграфічнага комплексу “Музей пад адкрытым небам”. Ён стане пляцоўкай для правядзення фестывалю этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, які ў гэтым годзе адбудзецца 15 жніўня, паведамляе petrikov.by.
На тэрыторыі комплексу будуць функцыянаваць розныя падворкі: саломапляценне і ткацтва, бондарства і лозапляценне, паляванне і рыбалоўства. Самым вялікім збудаваннем будзе хата палешука.
– Гэты музей аздобіць турыстычную сферу парка, дапаможа развіваць водны турызм, – адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Сцяпан Бамбіза.
Тэрыторыя музея — 20 гектараў, усё робіцца ў народным стылі. Гэта будзе месца для экскурсій, канцэртаў і адпачынку. Можна наведаць назіральную вышку, будынак народных рамёстваў, млын, які ўжо стаяў у гэтай мясцовасці ў 18–19 стагоддзях, пляцоўку для кірмашоў. Яшчэ будуць дзве дзіцячыя пляцоўкі, туды плануецца падвесці інтэрнэт. У перспектыве магчыма адкрыць школу па веславанні на байдарках і каноэ. Тут ёсць усе прыстасаванні для трэніровак зборнай Беларусі па гэтаму віду спорту.
Источник: gp.by
Фото из интернета