Сёння, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, каталікі нараўляншчыны адзначылі «Радаўніцу». У гэты дзень адмысловыя набажэнствы за памерлых адбыліся ў розных месцах нараўлянскага раёна.

Святочны дзень распачаўся святой Імшой а 8.00 ў нараўлянскім касцёле. Ужо а 10.00 вернікі прасілі Божай Міласэрнасці для душаў памерлых у грушаўскім касцёле, пасля чаго адбылося набажэнства за памерлых на мясцовых могілках.




Далей вернікі чакалі святара ў в. Лубень, каб пасля поўдня распачаць супольную малітву за памерлых на могілках. Затым малітвы за памерлых прадоўжыліся на могілках у Мальцах.


Вялікая колькасць вернікаў прыняла ўдзел у малітве Касцёла за памерлых. Невыпадкова мясцовыя каталікі моляцца за памерлых у Нядзелю Божай Міласэрнасці, якая адзначаецца ў другую Велікодную нядзелю. Гэта асаблівы час ласкі, калі Касцёл звяртаецца да бязмежнай любові Хрыста, які Уваскрос перамогшы смерць. Гэты дзень — не толькі свята для жывых, але і надзея для тых, хто ўжо адышоў у вечнасць і патрабуе нашай малітоўнай падтрымкі.
Малітва за памерлых у гэты дзень грунтуецца на веры ў тое, што Хрыстус праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне адчыніў для ўсіх «крыніцу жыцця».
Таму мы просім Божай міласэрнасці для душаў памерлых, каб прайшоўшы ачышчэнне змаглі ўвайсці ў Нябесную Айчыну.
У Святым Пісанні чытаем: «Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае: смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8–9). А ў іншым месцы Бібліі знойдзем такія словы:
«Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць» (Лк 20, 38).
Няхай жа наша жыццё ўжо тут на зямлі будзе з’яднана з Богам, разумеючы, што сапраўдным скарбам нашага жыцця з’яўляецца прабыванне ў любові Бога і клопат пра тое, каб яе ніколі не страціць.


Айцец Януш Чарнамораў, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі
