Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў. Ён традыцыйна пачынаецца ў Папяльцовую сераду, якая называецца так ад абраду пасыпання галоваў попелам.
У штодзённым разуменнi словa «пост» вельмi часта асацыiруецца з устрыманнем ад нейкiх прадуктаў харчавання, звычайна мясных. 


Пост — гэта не толькі абмежаванне ў ежы. Гэта шлях самадысцыпліны і магчымасць лепш ацаніць тое, што нас акружае.
Пост — гэта час, калi мы павiнны навучыцца прымяняць розныя аскетычныя практыкi. У чым павiнен практыкавацца хрысцiянiн — дык гэта ў цноце. Набываць цноты — гэта, проста кажучы, азначае выкараняць у сабе дрэнныя схiльнасцi i заганы i ўсё больш схiляцца ў бок дабра. Напрыклад, калi чалавек мае схiльнасць да моўных грахоў, да абгавору, паклёпу, асуджэння, тады лепш скарыстацца ў гэты перыяд ласкi лекам маўчання i знаходзiць больш часу на размову з Богам, адначасова стараючыся пазбягаць людзей, якiя штурхаюць да гэтых грахоў. Калi ёсць, напрыклад, схiльнасць да марнавання часу ў Інтэрнэце, карыстаючыся непатрэбнымі або нават непрыстойнымі сайтамі, то добра было б абмежаваць сябе, а  часам нават радыкальна адмовiцца ад гэтага карыстання. Менавiта гэты час можа яскрава выявiць нашыя залежнасцi i неўпарадкаваныя прывязанасцi. Наогул, дзякуючы разумнаму аскетызму, узмацняецца наша воля, а рабiць дабро становiцца лёгка i прыемна.
Пост ачышчае нашае духоўнае бачанне, дазваляючы заўважыць патрэбы іншых. Ён дапамагае адмовіцца ад уласнага «я», ад жаданняў, якія перашкаджаюць сустрэчы з Богам, і ад усяго, што аддаляе нас ад Яго. Праз пост мы вучымся, што чалавек жыве не адным хлебам, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых. Гэта час свядомага выбару на карысць таго, што вечнае, і адмовы ад таго, што стварае ілюзію самадастатковасці. Устрыманне ад матэрыяльнага становіцца плацдармам для духоўнага ўздыму і ўмацавання веры.
Вялікі Пост — гэта час, калі мы разам, як адзін Касцёл, крочым да Пасхі, падтрымліваючы адзін аднаго малітвай і добрымі ўчынкамі.
Якi ж пост без мiласцiны? Сустракаючыся з Богам, немагчыма быць абыякавым да людзей вакол нас. Бог — гэта любоў, а любоў не можа быць iнертнай. Кожны ўчынак міласэрнасці, зроблены без шуму, становіцца каштоўным скарбам у нябёсах.
На працягу Вялікага Посту ў касцёлах адбываюцца пасійныя набажэнствы — Крыжовы шлях, Песні жальбы. У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах. Таму каталікі падчас Вялікага посту не арганізоўваюць і не ўдзельнічаюць у забаўляльных мерапрыемствах (дні нараджэння, юбілеі, карпаратывы і г.д.).
У адпаведнасці з касцёльнымі наказамі кожны каталік абавязаны прынамсі раз на год кожны паспавядацца і ў Велікодны перыяд прыняць святую Камунію. Таму тыя каталікі, якія па прычыне хваробы або старасці не могуць наведаць касцёл, запрашаюць святара на дом (або ў шпіталь), каб хворы або састарэлы чалавек мог паспавядацца, прыняць намашчэнне хворых і святую камунію (тэл. для сувязі +375333750812, а. Януш Чарнамораў). 
Няхай гэты Вялікі Пост стане часам унутранага адраджэння, калі мы зможам ачысціць сэрцы ад усяго лішняга і адкрыцца на сапраўдную лучнасць з Богам.
На плённае перажыванне Вялікага посту ўдзяляю благаслаўленне ў імя Айца і Сына і Духа Святога.

Айцец Януш Чарнамораў, настаяцель касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.