1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых, а 2 лістапада ўспамінае Усіх памерлых вернікаў.

Згодна з традыцыяй, на працягу актавы Усіх Святых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, усе жадаючыя наведваюць касцёл і могілкі дзе моляцца за памерлых. Наведваючы могілкі хрысціяне запальваюць на магілах свечкі (лампадкі) — сімвал Уваскрослага Хрыста, малітвы і любові.
Вернікі і іншыя людзі, які жадаюць у гэтыя асаблівыя дні маліцца за памерлых прыносяць у Касцёл выпамінкі (спісы з імёнамі памерлых), якія зачытваюцца падчас адмысловых набажэнствах.

Жыццё чалавека хоць і змяняецца, аднак не заканчваецца ў момант фізічнай смерці, бо душа чалавека несмяротная. Таму тое, што мы можам даць памерлым, — гэта наша малітва, якая з’яўляецца ўдзячнасцю за любоў нашых блізкіх і за ўсё добрае, што яны ўчынілі тут, на зямлі. У гэтыя дні ўвесь Касцёл у адзін голас моліцца за памерлых, заклікаючы да Божай міласэрнасці.
Чарговы раз наведваючы могілкі і ўзгадваючы памерлых у сваіх малітвах, варта паразважаць над сваім уласным жыццём. Якое яно? Ці сярод штодзённых клопатаў аб часовым, не забываю пра справы духоўныя, вечныя? Калі апошні раз чытаў Біблію, маліўся, наведваў храм Божы? Калі апошні раз спавядаўся і прымаў святую Камунію (причастие)? Якія ўчынкі міласэрнасці раблю для душы і цела бліжняга? Такое разважанне можа дапамагчы задумацца над тым, на колькі Бог важны ў асабістым жыцці і як клапоцішся аб збаўленні сваёй душы…
Расклад малітваў: 1 лістапада — урачыстасць Усіх Святых:
8.30 — святая Імша ў Нараўлянскім касцёле .
9.45 — малітва на гарадскіх могілках Нароўлі (па дарозе на Канатоп).
12.30 — святая Імша ў Грушаўскім касцёле.
14.00 — малітва на могілках у в. Лубень.
15.00 — малітва на могілках у в. Мальцы.
15.45 — малітва на могілках у в. Свяча.
2 лістапада — успамін Усіх памерлых вернікаў:
8.00 — святая Імша і чытанне выпамінак (запісак) за памерлых у касцёле г. Нароўля.
10.00 — святая Імша і чытанне выпамінак (запісак) за памерлых у касцёле в. Грушаўка. Затым малітва на мясцовых могілках.
4 — 7 лістапада:
18.30 — Нешпары за памерлых, чытанне выпамінак (запісак) за памерлых, святая Імша ў касцёле (Нароўля). Затым малітва на старых могілках Нароўлі.
8 лістапада:
9.00 — святая Імша і выпамінкі за памерлых у касцёле (Нароўля).
Айцец Януш Чарнамораў, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.
