Сёння ў райцэнтры праходзіць штогадовая падзея, якую з нецярпеннем чакаюць мясцовыя жыхары. «Пакроўскі кірмаш» на галоўнай плошчы горада стаў цэнтрам прыцягнення, дзе пануе атмасфера свята.

Традыцыйна кастрычніцкі кірмаш славіцца бойкім гандлем. Тут можна знайсці ўсё, што трэба для таго, каб забіць да адмовы засекі на доўгую зіму: адборная гародніна, спелая садавіна, высадкі дрэў і кветак. Вопытныя садоўнікі і фермеры дзеляцца сакрэтамі багатага ўраджаю і даюць каштоўныя парады.


Пастаянныя удзельнікі кірмашу — муж і жонка Макарэвіч. Кожны год іх гандлёвая кропка становіцца сапраўдным астраўком прыгажосці і багацця. Яны не проста прапануюць пакупнікам сваю прадукцыю, але і з душой упрыгожваюць павільён. Іх палатка, якая стракаціць яркай гароднінай, кветкамі і ўпрыгожваннямі, заўсёды прыцягвае ўвагу.

— Для нас «Пакроўскі кірмаш» — гэта не проста гандаль, гэта сапраўдная падзея, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Надзея Макарэвіч. — Мы з задавальненнем прыязджаем сюды кожны год. Гэта цудоўная магчымасць не толькі зарабіць, але і пагутарыць з людзьмі, зарадзіцца пазітыўнай энергіяй.

Далучыліся да гандлю і прадпрыемствы раёна: КСУП «Козенкі-Агра», ААТ «Чырвоны Мазыранін», ААТ «Нараўлянскі завод гідраапаратуры», ДП «Саўхоз-камбінат «Зара», спецлясхоз, запаведнік, ГУП «Прыпяцкі Альянс» і іншыя.


Асаблівую ўвагу гасцей кірмашу прыцягвае тэматычны падворак «Дабрыдзень, Бацюшка-Пакроў». Тут ужо ў адно імгненне акунаешся ў атмасферу беларускіх традыцый: духмяная хатняя выпечка, разнастайныя саленні і іншыя стравы нацыянальнай кухні. Установы культуры і адукацыі пастараліся на славу! Акрамя таго, кожны жадаючы можа прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі і атрымаць падарунак на памяць.


Але галоўнае, што стварае непаўторны настрой кірмашу — гэта, вядома ж, музыка. Сёлета парадаваць гасцей творчасцю прыехалі таленавітыя артысты Ельскага раёна — вакальны ансамбль «Дабрыначка» і народны фальклорны ансамбль «Валошкі». Да іх далучыліся і самабытныя творчыя калектывы Нараўляншчыны, якія сваёй шчырасцю і талентам не пакідаюць абыякавым нікога.7
Калі вы яшчэ не пабывалі на кірмашы, то паспяшайцеся! Гэта сапраўднае свята ўраджаю, месца сустрэчы сяброў і добрых суседзяў, магчымасць дакрануцца да народных традыцый і зарадзіцца пазітывам на доўгую зіму.

Алеся ЛІТВІН, фота аўтара