Не адна ваенная навала пракацілася па беларускай зямлі, пакідаючы папялішчы і руіны, а ў людскіх сэрцах — гора і пакуты. ХХ стагоддзе застанецца ў гісторыі як адно з самых трагічных, і найперш таму, што гітлераўскі фашызм у гады Другой сусветнай забраў мільёны чалавечых жыццяў. Кожны трэці беларус загінуў у полымі суровага ліхалецця. Страшным, на жаль, стала і новае ХХІ стагоддзе. І таму мы, нашчадкі, павінны пастаянна вучыцца на гісторыі Бацькаўшчыны. А хто яе лепш можа расказаць, чым пісьменнікі?

Знакавы юбілей — 80-годдзе Вялікай Перамогі — прымушае нас,  удзячных нашчадкаў, ацаніць  усё тое бесмяротнае і высакароднае, што было зроблена нашымі продкамі, салдатамі, афіцэрамі, партызанамі, працаўнікамі тылу. Сёння мы звернемся да ваеннай спадчыны знакамітага пісьменніка Кузьмы Чорнага. На жаль, лёс адмераў ураджэнцу вёсачкі Борка-Бялевічы надта мала: усяго 44 гады. Аднак і за гэты час таленавіты майстра паспеў ажыццявіць вельмі многае. Прычым ён пакінуў ў спадчыну, як трэба пісаць пра вайну. Праўдзіва і набыякава, а інакш наогул не трэба брацца за пісьменніцкую працу. Неяк аўтар заўважыў: «Не дзіва: калі ў пустэльні загучыць чалавечы голас ад сэрца, то, здаецца, ён можа падняць на ногі мёртвага».

Так ён і тварыў — ад сэрца, а сэрца яго было ВЯЛІКІМ… Ён быў вялікім псіхолагам і філосафам, яго і называлі беларускім Дастаеўскім. Сёлета, у чэрвені,  мы адзначылі 125-ю гадавіну з дня яго нараджэння.

Вялікая Айчынная злосным чынам прайшлася не толькі па яго біяграфіі, але і па яго творчасці: ажно тры новыя раманы, даследаванне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» згарэлі ў першыя дні вайны. Аднаўляць, канешне ж, было вельмі складана. Кузьма Чорны браў актыўны  ўдзел у выданні легендарнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Гэта было надзвычай вядомае сатырычнае выданне для партызан і насельніцтва Беларусі, якое выдавалася з ліпеня 1941 года да мая 1945 года. Спачатку ў Гомелі, затым у прыфрантавой паласе, у Маскве, у Навабеліцы, Мінску. Плакат змяшчаў фельетоны, памфлеты, творы, карыкатуры, якія высмейвалі нацысцкіх дзеячаў і войска, заклікалі да барацьбы з гітлераўцамі. Тут акрамя Кузьмы Чорнага былі надрукаваны антыфашысцкія творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Анатоля Астрэйкі, Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Кандрата Крапівы і інш.

У вайну Кузьма Чорны працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941-1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944), аповесцямі  «Скіп’ёўскі лес», «Сумліцкая хроніка», «Смага». Аўтара хваляваў лёс беларусаў у час вялікіх выпрабаванняў. У аснове «Пошукаў будучыні» — праблема маральнага выбару. Сюжэт сацыяльна-філасофскага рамана «Вялікі дзень» — пра Вялікую Айчынную як перыяд гартавання і гістарычнага ўзвышэння народа і ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасці. «Беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у час Айчыннай вайны», — менавіта так сфармуляваў аўтар задуму філасофскага рамана-прытчы «Млечны Шлях».

Вось як скрупулёзна і па-філасофску разважае празаік у рамане «Пошукі будучыні». Пра вайну і яе вынікі: «Як гояцца раны зямлі! Ззяе ямінамі разварочаная рыдлёўкамі зямля. Або ляжыць перад чалавечымі вачыма земляное калецтва, калі пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва дні, ганьба чалавечага генія, танк — стварэнне чалавека дзеля смерці чалавека. Або крывавыя раны зямлі, прабітыя бомбамі. Чорная зямля па краях і дзеля напамінку чалавеку, што ён горш за звера і жывёлу, — травіна, прыліплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Ідзе час. І няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо і дрэўца пасеялася і ўзышло. Расце ўсё вышэй і ўжо здалёк відно. І на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, і, здаецца, ніякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды і чалавека. Вялікі доктар — час — спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць».

У рамане «Пошукі будучыні» безліч павучанняў для нас, нашчадкаў: «Як той казаў — вайна не толькі лье кроў, але і кожную брудную душу выверне на паказ свету». «Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву».

«Горкая практыка паказала, што ваяўнічае геройства народа нараджаецца і выпрацоўваецца не ад замілаванасці да рэк крыві на полі вайны, а ад неабходнасці сцерці з твару зямлі такую погань, якая ў нашы дні ў вобразе Гітлера заявіла, што нармальны стан мужчыны вечна быць у вайне».

У вайну выйшаў і зборнік яго апавяданняў «Вялікае сэрца». У ваенных апавяданнях празаік узнаўляў драматычныя эпізоды, малюнкі спусташэння Айчыны і волю беларусаў да супраціўлення, стварыў запамінальныя вобразы людзей, якія сімвалізуюць багацце душы простага чалавека («Маленькая жанчына», «Прасторны дом», «Вялікае сэрца»).

Творца выступіў і як аўтар кніжкі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942), нарыса «Герой Савецкага Саюза Ціхан Піменавіч Бумажкоў» (1943). Дзённікавыя запісы Чорны пачаў весці летам 1944 года. Упершыню яны былі апублікаваны ў часопісе «Полымя» ў 1965 годзе. Ва ўступным слове пісьменнік-франтавік Васіль Быкаў назваў дзённік «красамоўным дакументам эпохі, хвалюючым сведчаннем багатай душы нашага волата слова, вялікага Кузьмы Чорнага».

Як бачым, беларускія пісьменнікі перакрэслілі афарыстычнае выказванне, якое вядома з даўніх часоў: калі гавораць гарматы, музы маўчаць. У той грозны час музы не маўчалі.  Мастакі слова ўліліся ў шэрагі тых, хто стаў на абарону Радзімы. Адны — мастацкім словам, другія — апранулі салдацкія шынялі і сталі байцамі, трэція рушылі ў партызанскія атрады. І таму айчынная літаратура стала таксама ў баявыя шэрагі, ішла дарогамі вайны, набліжаючы Перамогу. Палымянае мастацкае слова заклікала да барацьбы з фашызмам як найвялікшым агульнародным і антычалавечым злом.

І таленавіты творца Кузьма Чорны зведаў ў тыя грозныя, вірлівыя дні глыбокія ўзрушэнні і пакутны боль, пісаў толькі з вялікай душэўнай самааддачай, грамадзянскай страснасцю. Ваенная проза дзякуючы яму пазбаўлялася інертнасці, павярхоўнай ілюстрацыйнасці. Зрабілася адным з магутных сродкаў змагання з гітлераўскімі заваёўнікамі.

Глыбока сімвалічна, што Мікалай Карлавіч Раманоўскі і пайшоў з жыцця ў вайну — 22 лістапада 44-га… Творца быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, партызанскім медалём. Ён быў пахаваны на Вайсковых могілках у сталіцы нашай Бацькаўшчыны.

Іменем Кузьмы Чорнага названа школа ў Цімкавічах, дзе ёсць прысвечаны яму музей, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, вуліцы ў Бабруйску, Капылі, Мінску, Нясвіжы, Слуцку. У 2000 годзе на Капыльшчыне былі адкрыты два мемарыяльныя знакі.

У 2016 годзе выйшла ў свет шматтомнае выданне «Вераснёвыя ночы» Кузьмы Чорнага, надрукаванае шрыфтам Брайля. Яго антываенны раман «Пошукі будучыні» ўключаны ў школьную праграму.

Да канца сваіх дзён цяжка хворы Кузьма Чорны пісаў творы. Апошні запіс ў яго «Дзённіку»: «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?..»

Кожны раз, калі я ўзгадваю Кузьму Чорнага, адразу ўспамінаю яго выказванне «Чалавек — гэта цэлы свет». Спрачацца не хочацца, тым больш што гэта мой любімы Пісьменнік.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, чытач