25 снежня католікі ўсяго свету адзначаюць адно з найгалоўнейшых святаў — Божае Нараджэнне.

Таямніца Божага Нараджэння мае ў сабе праўду аб тым, што другая Божая Асоба сталася чалавекам, каб у людскім целе здзейсніць збаўленне чалавечага роду за грэх Адама і за грахі яго патомкаў: «А Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1,14). Сын Божы яднае ў сабе дзве натуры: боскую і чалавечую. У сваёй боскай натуры Хрыстус ніколі не меў пачатку — Ён вечны. У сваёй чалавечай натуры, якую прыняў ад Найсвяцейшай Панны Марыі, Ён распачаў існаванне ў першым годзе нашай эры і атрымаў імя Езус.
Прыходзячы на свет у постаці Дзіцяці, Бог стаўся Эммануэлем — Богам з намі, ад якога нас не аддзяляе ніякая адлегласць. Бог даў чалавеку непасрэдны доступ да сэрца Езуса, а праз гэта стаўся для нас такім блізкім, прыйшоўшы на свет у бэтлеемскай стайні, а не ў каралеўскіх палацах.
24 снежня на змярканні ў кожным каталіцкім доме рыхтуецца накрыты стол, за якім збіраецца ўся сям’я, каб за вігілійнаю вячэраю ўсім разам перажываць вялікую радасць, якую больш за дзве тысячы гадоў таму гэтая ноч прынесла ўсім людзям добрай волі, і каб вітаць прыходзячага ў свет Хрыста.
Усе беларускія католікі неадменна распачынаюць вігілійную вячэру з дзялення аплаткай — прэсным белым хлебам, загадзя благаслаўленым у касцёле. Аплатка — гэта сімвал Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету, і да сканчэння вякоў прабывае з намі ў Хлебе Эўхарыстычным.
Калі ўсе сабраліся, бацька, або хтосьці самы старэйшы ў сям’і, пры святле свечкі, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку, чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме. Затым, пасля супольнай малітвы, усе бяруць у рукі аплаткі і, падыходзячы адзін да аднаго, абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Дзелячыся Аплаткай — члены сям’і складаюць сабе пажаданні і просяць аб прабачэнні.
Пасля вячэры ўсёй сям’ёй ідуць у касцёл. Святая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка — ад лацінскага слова pastor (пастух) — бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі, што ў тую ноч пасвілі непадалёк свой статак. Менавіта яны першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам з імі — іх жывёла.
Гэтую памятную сцэну сёння можна ўбачыць у кожным касцёле ў перыяд Божага Нараджэння: у найбольш заўважным месцы падрыхтаваныя яслі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца Яго Маці Марыя, святы Апякун Юзаф, і тут жа побач на сене — вол з вослікам, а крыху наводдаль з пашанаю кленчаць у вялікім здзіўленні сціпла апранутыя пастушкі…
Святкаванне Нараджэння Збаўцы працягваецца да Свята Хросту Пана. Гэты час поўны святочных цэлебрацыі ў касцёле, спеў калядак, здзяйснення ўчынкаў міласэрнасці. Сем’і запрашаюць святара з калядным візітам, падчас якога духоўны айцец моліцца з паасобнымі сем’ямі, благаслаўляе дамы і праводзіць душпастырскія размовы. Таксама і вернікі з калядкамі накіроўваюцца ў дамы родных і знаёмых несучы Добрую Навіну аб Нараджэнні Збаўцы свету.
Свята Божага нараджэння дапамагае аднавіць надзею, распаліць любоў і ажывіць веру ў жыццё вечнае з Богам!
Святочнае Богаслужэнне ў касцёлах Нароўлі 25.12 — 11.00 — Святая Імша ў Нароўлі; 25.12 — 12.30 — Святая Імша ў Грушаўцы.
Пробашч парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі айцец Януш Чарнамораў
