Фiлолаг: «Беларусь спрадвеку знаходзiлася на скрыжаваннi цывiлiзацый, гэта зрабiла нашу мову жывой i багатай»

Слова — гэта культурны код нацыi, страцiць яго — значыць страцiць частку гiсторыi. Каб нагадаць пра гэта, увесь свет 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Беларусь не выключэнне. Чаму не знiкаюць дыялекты, як «дзеканне» трымаецца ў маўленнi i якiя словы немагчыма перакласцi без страт — разбiраемся разам з загадчыкам кафедры беларускага мовазнаўства фiлалагiчнага факультэта БДУ кандыдатам фiлалагiчных навук Георгiем Чахоўскiм.

Словы з душой

Кожны народ мае асаблiвую лексiку, якая адлюстроўвае яго побыт, культуру i светапогляд. «Баравiна», «поплаў», «руплiвец», «грачанiк» — у iншых мовах няма дакладных адпаведнiкаў гэтым нашым словам.

— Безэквiвалентныя словы — гэта не проста лексiка, а адлюстраванне гiсторыi, традыцый i менталiтэту, — тлумачыць Георгiй Чахоўскi. — Яны захоўваюць сувязь з прыродай, ладам жыцця i пачуццямi, што робiць мову ўнiкальнай i самабытнай.

Возьмем, напрыклад, «хмарачос». Па‑руску — «небоскреб», па‑англiйску — skyscraper. А беларускi варыянт перадае паэтычны вобраз будынка, якi дастае да аблокаў. У мове шмат такiх метафарычных слоў. Напрыклад, «зорачка» — не проста «зорка», а пяшчотнае зваротнае слова, якое падкрэслiвае цеплыню i вобразнасць мовы.

— Беларуская мова — гэта яшчэ i асаблiвы погляд на свет. Напрыклад, «смутак» — гэта не проста журба, а светлая туга. «Хатнi», «спатканне» перадаюць асаблiвае стаўленне да дома i блiзкiх, што звязана з традыцыйнымi сямейнымi каштоўнасцямi, — працягвае фiлолаг.

Георгiй Чахоўскi.Яшчэ адзiн цiкавы момант: захавалася шмат архаiчных славянскiх слоў, якiя знiклi ў iншых мовах. Напрыклад, «вечарнiца». Але разам з гэтым беларуская мова заўсёды ўбiрала элементы розных культур.

— Беларусь спрадвеку знаходзiлася на скрыжаваннi цывiлiзацый, гэта зрабiла нашу мову жывой i багатай, — дадае Георгiй Чахоўскi. — Наша мова цесна «ўзаемадзейнiчала» з суседнiмi, таму ў ёй шмат запазычанняў. Але гэта не проста запазычаннi, а вынiк культурнага i гiстарычнага абмену. Тое ж самае з фальклорнымi персанажамi: лесавiк, вадзянiк сустракаюцца не толькi ў нас, але i ў мiфах суседнiх народаў.

Цiкавыя i так званыя фальшывыя сябры перакладчыка — словы, якiя гучаць аднолькава ў беларускай i iншых мовах, але азначаюць зусiм рознае. Яны часта становяцца прычынай кур’ёзных непаразуменняў, кажа выкладчык.  

А некаторыя словы можна назваць душой народа — яны нясуць асаблiвую культурную глыбiню. «Радзiма» перадае любоў беларусаў да сваёй зямлi, прывязанасць да родных мясцiн. «Дзякуй» адлюстроўвае шчырасць, дабрыню i павагу. А «сумленне» гаворыць аб прыстойнасцi i iмкненнi жыць па справядлiвасцi.

Моўны мiкс

Нават калi чалавек размаўляе па‑руску, яго лёгка «вылiчыць» як беларуса. Гэта адбываецца таму, што ў маўленнi захоўваюцца характэрныя асаблiвасцi вымаўлення.

— Першае, што заўважаецца, — гэта мяккасць гукаў. Напрыклад, беларускiя [д] i [т] часта гучаць мякчэй, чым у рускай мове, — падкрэслiвае Георгiй Чахоўскi. — Яшчэ адна яркая рыса — «дзеканне» i «цеканне». Словы кшталту «дед» або «дети» ператвараюцца ў [дз’]ед i [дз’]е[ц’]i.

Акрамя таго, захоўваюцца iнтанацыi, тыповыя для беларускай мовы. Маўленне становiцца больш плаўным, меладычным, а нацiск часта адрознiваецца. Беларускi след можна заўважыць i ў побытавай лексiцы. Напрыклад, кажуць «дзякуй» замест «спасибо» або «хата» замест «дом». А яшчэ сустракаюцца такiя беларусiзмы, як «шуфлядка», «ссабойка», «трохi».

— Усе гэтыя асаблiвасцi робяць маўленне лёгкапазнавальным. Яны захоўваюць сувязь з мовай i культурай, — дадае эксперт.

Памылкi ў маўленнi беларусаў — з’ява звыклая. Гэта звязана з тым, што людзi актыўна карыстаюцца дзвюма мовамi, гэтая сумесь часта дае збоi. Моўныя элементы аднаго кода могуць «прасочвацца» ў другi.

— Галоўная прычына такiх памылак — адрозненнi ў значэннi i структуры слоў у блiзкiх мовах. Напрыклад, беларускае «барацьбiт» не азначае тое ж самае, што рускае «борец». У беларускай мове гэта слова не мае спартыўнага значэння, а ў рускай — гэта менавiта чалавек, якi займаецца барацьбой, — тлумачыць фiлолаг.

Такiя нюансы патрабуюць асаблiвай увагi. Георгiй Чахоўскi папярэджвае: трэба разумець рознiцу памiж словамi, каб не памылiцца. Асаблiва гэта актуальна для тых, хто лёгка пераключаецца з адной мовы на другую.

Голас мясцiн

«Гаўца», «шуляк», «малец»… Гэтыя словы адразу выдаюць, адкуль вы родам. Беларускiя дыялекты — гэта не проста мясцовыя асаблiвасцi, а жывая мова, якая фармiравалася стагоддзямi. У краiне вылучаюць два асноўныя тыпы гаворак: паўночна‑ўсходнiя i паўднёва‑заходнiя. Яны настолькi розныя, што часам гучаць як дзве асобныя мовы.

— Паўночна‑ўсходнi дыялект распаўсюджаны ў Вiцебскай, большай частцы Магiлёўскай i паўночных раёнах Мiнскай вобласцi. Тут можна пачуць, напрыклад, «малiц» замест «хлопец», — расказвае Георгiй Чахоўскi. — А на Брэстчыне, Гомельшчыне, поўднi Мiншчыны i большай частцы Гродзеншчыны размаўляюць на паўднёва‑заходнiм дыялекце. Тут ужываюць «наеўса» замест «наеўся», «шуляк» замест «каршун», а авечку называюць «гаўца».

Дыялекты — гэта адлюстраванне гiсторыi, культуры i нават прыроды. Палескiя гаворкi, напрыклад, моцна адрознiваюцца, бо рэгiён доўгi час заставаўся iзаляваным, працягвае эксперт. Тут захавалiся архаiчныя формы i ўнiкальная лексiка.

Мова цесна звязана з мясцовымi традыцыямi i звычаямi. У розных кутках Беларусi могуць адрознiвацца назвы страў, прадметаў побыту цi свят.

— Адрозненнi робяць беларускую мову багатай i самабытнай, падкрэслiваюць унiкальнасць кожнага рэгiёна. Тым не менш носьбiты дыялектаў разумеюць адзiн аднаго. У ХХ стагоддзi пачалася стандартызацыя беларускай мовы на аснове цэнтральнага дыялекту, гэта прывяло да скарачэння дыялектных адрозненняў, — адзначае суразмоўца.

Сёння дыялекты паступова знiкаюць. Георгiй Чахоўскi лiчыць, што гэта натуральны працэс.

— Мова змяняецца, i, калi носьбiты пераходзяць на больш распаўсюджаныя формы, дыялекты могуць страчваць сваю актуальнасць, — тлумачыць ён. — Ва ўмовах культурнай асiмiляцыi iх захаванне залежыць ад грамадскай падтрымкi.

Глабалiзацыя i ўрбанiзацыя таксама спрыяюць унiфiкацыi мовы. Пераезд людзей з вёсак у гарады прыводзiць да таго, што ў штодзённай камунiкацыi пераважаюць стандартызаваныя нормы. Спецыялiст падсумоўвае:

— Дыялекты — гэта «жывое» маўленне, цесна звязанае з культурай i паўсядзённым жыццём носьбiтаў, у той час як лiтаратурная мова — фармальная норма. Абодва элементы важныя для разумення мовы як цэласнай сiстэмы, i iх узаемадзеянне можа стаць ключом да захавання культурнай спадчыны.

sb.by