Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў. Ён традыцыйна пачынаецца ў Папяльцовую сераду, якая называецца так ад абраду пасыпання галоваў попелам. У гэты дзень у касцёлах адбываецца благаслаўленне попелу са спаленых галінак вербаў, асвечаных у леташнюю Пальмовую нядзелю. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў.

Перыяд Вялікага посту звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана. У касцёлах адбываюцца пасійныя набажэнствы — Крыжовы шлях, Песні жальбы. У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Таму каталікі падчас Вялікага посту не арганізоўваюць і не ўдзельнічаюць у забаўляльных мерапрыемствах (дні нараджэння, юбілеі, карпаратывы і г.д.). Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у святой Імшы спеву «Аллелуя» і гімна «Хвала на вышынях Богу…», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту — захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.

У адпаведнасці з касцёльнымі наказамі кожны каталік абавязаны прынамсі раз на год кожны паспавядацца і ў Велікодны перыяд прыняць святую Камунію. Таму тыя каталікі, якія па прычыне хваробы не могуць наведаць касцёл, запрашаюць святара на дом (або ў шпіталь), каб хворы чалавек мог паспавядацца, прыняць намашчэнне хворых і святую камунію (тэл. для сувязі +375333750812, а. Януш).

У Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана прадпісаны абавязковы строгі пост — на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных страваў.

Абмежаванне ў ежы і піцці з’яўляецца аскетычным практыкаваннем і праяваю пакаяння, а таксама наследаваннем Хрыста, які сам часта пасціўся і падкрэсліваў важнасць посту (пар. Мц 17, 21 і Мц 6, 16-19). У Касцёле адрозніваюцца строгі пост і ўстрыманне (абстыненцыя). Па пятніцах Касцёл наказвае ўстрымлівацца ад мясных страваў. Пост — гэта адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў разам з малітваю і міласцінай. Такім чынам, пакаянне ўключае акрамя посту таксама малітву і добрыя ўчынкі. Кожны вернік ускладае на сябе 3 пастановы, над якімі працуе на працягу Вялікага посту. Першая пастанова тычыцца адносін чалавека з Богам, другая адносіцца да адносін з бліжнімі і трэцяя да самога сябе. 

У перыяд Вялікага посту ў парафіях праводзяцца духоўныя практыкаванні — рэкалекцыі — у якіх можа ўдзельнічаць кожны вернік.

У Нараўлянскім Касцёле велікапосныя рэкалекцыі сёлета пройдуць 19 і 20 лютага падчас святой Імшы ў 19.00.

На плённае перажыванне Вялікага посту ўдзяляю благаслаўленне ў імя Айца і Сына і Духа Святога.

Кс. Януш Чарнамораў, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.