Тысячы беларусаў далучыліся да праекту «Кожная пятніца — роднае, сваё». Сярод іх і падапечныя аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Нараўлянскага ТЦСАН.

Кожную пятніцу ў аддзяленні праходзяць тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю роднай мовы, айчынных тавараў, павышэнне культуры спажывання, разнастайнасці беларускіх страў.
— Першым мерапрыемствам у рамках праекта стаў майстар-клас па вырабе абярэгаў пад назвай «Узоры роднай старонкі», прысвечаный беларускаму арнаменту, — распавяла загадчык аддзялення Наталля Фісюк. — Занятак дапамог маладым людзям з інваліднасцю не толькі развіць мастацкія навыкі, але і глыбей зразумець традыцыі нашай роднай Беларусі.
Адной з самых запамінальных падзей стаў урок кулінарыі, падчас якога падапечныя аддзялення рыхтавалі традыцыйную страву з бульбы — бабку. Ад бульбянай запяканкі ўсе былі ў захапленні!
А яшчэ тут развучваюць беларускія танцы і песні, а потым дружна танчаць і спяваюць, ствараючы сабе і настаўнікам выдатны настрой.
Знаёміцца з культурай роднага краю дапамагаюць нясумныя лекцыі, падчас якіх падапечным не толькі расказваюць пра тыя ці іншыя накірункі, але таксама паказваюць прадметы побыту беларусаў. Так, напрыклад, вялікую цікавасць у падапечных аддзялення выклікала гісторыя ручніка. Яны даведаліся, у якіх абрадах выкарыстоўвалі і працягваюць выкарыстоўваць прадмет, змаглі ўбачыць і патрогаць гэты шаноўны ў нашых продкаў атрыбут.
— Мы дапамагаем людзям з інваліднасцю дакрануцца да матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, пашырыць кругагляд, праявіць сябе, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна. — Так, у адну з пятніц мы ўспаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі, жарты. Нашыя хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі не толькі добрую эрудыцыю, але і паказалі нядрэннае веданне беларускай мовы. І гэта вельмі радуе!
Рэалізацыя праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» у аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Нараўлянскага ТЦСАН працягваецца. А гэта значыць, што падапечныя даведаюцца яшчэ шмат новага і цікавага.
Алеся ЛІТВІН, фота прадастаўлена Нараўлянскім ТЦСАН
