Эмацыянальна насычаную і пазнавальную праграму для ўдзельнікаў грамадска-культурнай акцыі падрыхтавала сталіца металургаў. Першы дзень яе правядзення на Жлобіншчыне парадаваў цікавымі сустрэчамі, знаёмствамі з прадпрыемствамі — брэндамі раёна і яго выдатнымі жыхарамі.

— Усе працоўныя калектывы падключыліся, кожны калектыў унёс свой уклад у падрыхтоўку да мерапрыемства, — на пачатку маштабнай святочнай праграмы, якая разгортваецца ў Жлобіне, удзельнікаў акцыі прывітаў старшыня Жлобінскага райвыканкама Сяргей ЯРАЦ. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што для Жлобіншчыны стаць адным з цэнтраў па маршруце «Марафону адзінства» — вялікі гонар і адказнасць.
Жлобін, як адзін з раёнаў, моцных сваім індустрыяльным патэнцыялам, запрасіў удзельнікаў акцыі пазнаёміцца са сталіцай металургаў праз наведванне прадпрыемстваў-флагманаў.
— Два дні марафону будуць вельмі насычанымі. Ставім для сябе задачу пазнаёміць гасцей з нашым краем, стварыць святочную атмасферу для нашых жыхароў, — зазначыў Сяргей Ярац. — Мы лічым, што адзінства нашай краіны — гэта ў тым ліку моцныя кааперацыйныя ўзаемаадносіны паміж прадпрыемствамі.
Кіраўнік райадміністрацыі звярнуў увагу на тое, што «Марафон адзінства» дае магчымасць кожнаму гораду на яго маршруце перадаць сваю непаўторнасць. І дадаў, што падчас акцыі Жлобінскі лядовы палац ператворыцца ва ўнікальную канцэртную пляцоўку.
— Больш як 2,5 тысячы гледачоў змогуць убачыць нумары артыстаў з Мінска, з іншых абласцей і таксама паказаць сябе. Мерапрыемства стане яскравым прыкладам, што мы адна краіна, мы адна сям’я і будучыня ў нашых руках, — падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Удзельнікам «Марафону адзінства», блогерам і прадстаўнікам творчых калектываў прадставілася ўнікальная магчымасць на свае вочы ўбачыць, што такое металавытворчасць, пабываць у цэхах Беларускага металургічнага завода. Падчас экскурсіі па прадпрыемстве яны даведаліся, што сёння Жлобінскі БМЗ — адзінае прадпрыемства такога маштабу на постсавецкай прасторы. Завод стабільна развіваецца і ўкараняе новыя тэхналогіі. Як адзначылі блогеры, унікальны шанц наведаць прамысловы гігант дазволіць ім падзяліцца ўбачаным з падпісчыкамі, жыхарамі самых розных рэгіёнаў.
Асаблівае месца на карце Жлобіншчыны і назаўжды ў сэрцах жыхароў усёй краіны — мемарыяльны комплекс «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны». Кантэнт-мейкеры і творчыя калектывы аддалі даніну памяці ў Красным Беразе. Гэты мемарыяльны комплекс — адзіны ў сваім родзе на тэрыторыі СНД. У гады нямецкай акупацыі менавіта тут гітлераўцы стварылі зборны пункт для гвалтоўнай адпраўкі дзяцей у Германію.
У Красным Беразе ўдзельнікі акцыі наведалі таксама сядзібны комплекс Козел-Паклеўскіх ХІХ стагоддзя, размешчаны непадалёк ад мемарыяла. Амаль дзесяць гадоў таму скончылася яго маштабная рэстаўрацыя. Сёння палацава-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх займае сваё пачэснае месца ў культурана-гістарычнай спадчыне Беларусі. Ён па праве лічыцца жамчужынай Жлобіншчыны і з’яўляецца вядомым цэнтрам прыцягнення турыстаў на Гомельшчыне.
Па традыцыі ўдзельнікаў «Марафону» чакалі на «Нясумнай Нялекцыі». Сустрэчу, якую прысвяцілі тэме выбару і яго значэнню ў жыцці і лёсе чалавека, арганізавалі на базе Жлобінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Спікерамі на ёй выступілі намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ і кіраўнік праекта «Млын моды», загадчык аддзела моды і дызайну Нацыянальнага мастацкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ігар ІВАНОЎ.
Як адзначыла Кацярына Пятруцкая, у рамках «Марафону адзінства» «Нясумныя Нялекцыі» ўжо прайшлі ў Маладзечне і Гомелі.
— Водгукі вельмі добрыя. Мы правялі апытанне: ці параілі б юнакі і дзяўчаты ўдзел у такім мерапрыемстве сваім сябрам, і 99,9% апытаных адзначылі, што параілі б, — зазначыла намеснік міністра.
Ігар Іваноў падчас сустрэчы звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць выбару будучай прафесіі для падлеткаў, аб значнасці і прэстыжы рабочых спецыяльнасцяў. Ён нагадаў, што рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота «Млын моды» таксама робіць свой уклад у папулярызацыю прафесіі швачак, канструктараў, мадэльераў.
Пракаціцца ў зале на новенькім веласіпедзе… Толькі так, калі ты адзін з лідараў абласнога этапу творчых спаборніцтвах ў рамках «Марафону адзінства». Падчас грамадска-культурнай акцыі на Жлобіншчыне прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога этапу конкурсу малюнкаў навучэнцаў пачатковых класаў «Мы разам» і рэспубліканскага конкурсу сачыненняў на тэму «Што такое адзінства».