Міжнародны дзень роднай мовы штогод адзначаецца 21 лютага. У дзіцячым садзе № 1 з маленства выхоўваюць патрыётаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі са сваімі выхавацелямі вывучаюць традыцыі нашага народа і родную мову не толькі напярэдадні гэтага свята, а амаль кожны дзень.

Беларуская мова — самая старажытная сярод славянскіх моў і самая мілагучная. Пра гэта ведаюць дзеці і з цікавасцю да яе ставяцца. Тым не менш, па словах намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Алены Цалка, вялікая ўвага ва ўстанове дашкольнага выхавання надаецца рабоце з педагогамі.

— Перш чым навучыць беларускай мове дзяцей, патрэбна даць неабходныя веды дарослым, — лічыць Алена Александраўна. — Такія мерапрыемствы і гульні, як «Я патрыёт сваёй краіны», «Размаўляем па-беларуску», «Ці ведаеш ты Беларусь?» і многія іншыя дапамагаюць выхавацелям засвоіць веды, якія ім патрэбны для навучання маленькіх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Выхаванне ў дзяцей любові да свайго роднага краю, навакольнай прыроды, да мовы, культурнай спадчыны беларускага народа — важныя задачы адукацыйнага працэсу нашай установы.

Паводле вучэбнай праграмы дзіцячага сада адзін раз на тыдзень тут праводзяцца заняткі па развіцці маўлення, а па рашэнні педагагічнага савета кожны чацвер дзеці вывучаюць беларускую мову. На ёй размаўляюць і падчас прагулак, на працягу дня выкарыстоўваюць народныя гульні, знаёмяцца з беларускімі казкамі, прыказкамі, прымаўкамі і загадкамі.

— Мы звяртаемся з просьбай да бацькоў, каб яны дома таксама размаўлялі са сваімі сынамі і дочкамі на роднай мове, — працягвае аповед Алена Цалка. — Кожны панядзелак раніцай дзеці спяваюць у музычнай зале Дзяржаўны гімн. Акрамя таго, у групах ёсць нямала матэрыялаў, якія дапамагаюць маленькім грамадзянам нашай краіны пазнаёміцца з сімволікай, пашырыць лексічны запас, даведацца больш звестак пра Радзіму. У зале дзіцячага сада ёсць шмат нагляднасці з выявамі нашых продкаў у нацыянальным адзенні, а таксама вышытыя крыжыкам сімвалы зямлі, сонца, сям’і, вясны, маці і дзіцяці.

Цёплыя ўражанні аставілі заняткі, якія праводзіла выхавацель Наталля Пугач. Дзеці былі апранутыя ў нацыянальныя касцюмы і выконвалі заданні на беларускай мове, роднай і блізкай кожнаму з нас.

Вольга ПАРТЫКА, фота аўтара