
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!
У гэтыя дні мы адзначаем найбольшае хрысціянскае свята – Пасху. Чарговы раз мы ўваходзім у таямніцу Крыжовай смерці і Уваскрасення нашага Збаўцы і прагнем дзяліцца з усім светам радасцю: Хрыстос Уваскрос!
Уваскрасенне Езуса Хрыста з’яўляецца найважнейшай праўдай нашай веры. Хрысціянства, каталіцызм – гэта не збор забарон, а пазітыўная накіраванасць. Вера не з’яўляецца толькі прыняццем акрэсленага збору ісцін, якія датычаць таямніц Бога, чалавека, жыцця і смерці, а таксама будучыні. Вера заключаецца ў глыбокіх асабістых зносінах з Уваскрослым Хрыстом, зносінах, заснаваных на любові да Таго, Хто нас першы палюбіў (пар. 1 Ян 4,11) аж да поўнага самаахвяравання.
“Мы паверылі любові Бога” (1Ян 4,16) – так хрысціянін можа выразіць галоўны арыенцір свайго жыцця. Імкненне быць хрысціянінам з’яўляецца вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая дае жыццю новую перспектыву і тым самым вырашальны кірунак.
У жыцці чалавека нярэдка прысутнічаюць хвіліны цемры і нават густога змроку, таму няхай Уваскрослы Хрыстус у сэрцы кожнага чалавека дапаможа ўчыніць так, каб заўсёды перамагала святло над цемрай, дабро над злом, радасць над смуткам, надзея над адчаем, любоў над нянавісцю.
Немагчыма ўбачыць Уваскрослага, калі ў Яго не верыш. Хто спаткае Езуса Хрыста, той спазнае ўнутраную перамену. Таму няхай Уваскрослы Хрыстус умацоўвае веру, надзею і любоў, якіх так моцна патрабуе сучасны свет.
Самай галоўнай патрэбай для чалавека з’яўляецца патрэба Бога – не далёкага і неакрэсленага, а Бога, Які ў Езусе Хрысце аб’явіў сябе як Любоў, якая збаўляе. Таму няхай Уваскрослы Збаўца напоўніць нашыя сэрцы Любоўю, жыццё патрэбнымі ласкамі для збаўлення, няхай для кожнага стане крыніцай надзеі, сапраўднай радасці і супакою!
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!