Напярэдадні свята Дня народнага адзінства, у рамках Адзінага дня беларускай кухні кафэ «Турыст» і сталовая фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» расчынілі дзверы для ўсіх, хто жадае пазнаёміцца з багаццем і самабытнасцю нашай кулінарнай спадчыны.

З самай раніцы ў аб’ектах грамадскага харчавання пануе атмасфера свята. Кухня гудзе ад пару, а паветра напоўнілася неверагодным водарам традыцыйных беларускіх страў.

На гасцей кафэ і сталовай чакаюць любімыя многімі мачанка з блінамі, галубцы, залацістыя, хрумсткія дранікаі, бульбяная бабка, духмяны боршч з пухкімі пампушкамі і многае іншае.

Загадчыца кафэ «Турыст» Вікторыя Цыза, з задавальненнем падзялілася сваімі ўражаннямі.

— Адзіны дзень беларускай кухні — гэта выдатная нагода яшчэ раз нагадаць нашым жыхарам і гасцям горада пра тое, наколькі багатая наша нацыянальная кухня. Мы стараліся прыгатаваць усё з душой, па традыцыйных рэцэптах, каб кожны мог адчуць цёплую атмасферу нашай краіны. Вельмі прыемна бачыць, што людзі з задавальненнем спрабуюць нашы стравы, узгадваюць бабуліны рэцэпты, дзеляцца сваімі ўспамінамі. Наша мэта —захаваць і папулярызаваць беларускую кулінарную спадчыну, і такія мерапрыемствы дапамагаюць нам у гэтым, — адзначыла Вікторыя.

І сапраўды, наведвальнікі з задавальненнем прымаюцьі ўдзел у гэтай кулінарнай вандроўцы. Асабліва шмат станоўчых водгукаў атрымалі мачанка з блінамі, якая даўно стала сімвалам беларускага застолля, і, вядома ж, дранікі. Кожны, хто прыйдзе у кафэ і сталовую, знойдзе штосьці па душы, адчуе сябе ў цёплым сямейным асяроддзі, дзе галоўнае — еднасць і добрае стаўленне.

Алеся ЛІТВІН, фота аўтара