Кожны год мы назіраем, як некаторыя хрысціяне празмерна зацікаўлены “святкаваннем” Хэлоўіна. Аднак варта задумацца: гэта звычайная забава ці штосьці, што нясе небяспеку для чалавека?

Хэлоўін — гэта не бяскрыўдная забава, але сапраўднае аднаўленне і ажыўленне язычніцкага свята, падчас якога праводзіліся магічныя рытуалы з ахвярапрынашэннямі. Той, хто святкуе Хэлоўін, нават калі не мае намеру далучыцца да чараўніцтва і не хоча пакланяцца д’яблу, фактычна ўступае ў камунію з цёмнай рэчаіснасцю. Сатаністы вельмі задаволеныя тым, што некаторыя хрысціяне «святкуюць» Хэлоўін, бо перакананыя, што тыя, хто гэта робіць, ускосна пакланяюцца д’яблу і тым самым адкрываюцца для яго шкоднага ўплыву», — падкрэслівае Міжнароднае аб’яднанне экзарцыстаў.
Заснавацель абшчыны сатаністаў і аўтар “галоўнай сатанінскай кнігі” Антон Ла-Вэй казаў: “Я рад, што бацькі-хрысціяне дазваляюсь сваім дзецям пакланяцца д’яблу прынамсі адну ноч у гаду”. Ён падкрэсліў, што “хэлоўін” — гэта найважнейшая ноч у годзе для сатаністаў. Арганізоўваюцца “чорныя мессы”, сэксуальныя оргіі, у некаторых месцах прыносяць чалавека ў ахвяру д’яблу.
Нажаль многія людзі думаюць, што «хэлоўін» — гэта бяскрыўдная забава: касцюмы, цукеркі, жарты. Але пад маскай «забаў» хаваецца культура, якая робіць зло прывабным, а смерць — прадметам гульні. Карані — у язычніцкім Самайне, звязаным з магіяй і культамі смерці.
У ноч перахода з лета да зімы кельты арганізоўвалі свята ўраджаю “Самайн”. Яны лічылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада мяжа паміж жывымі і мёртвымі амаль што сціраецца і душы памерлых могуць вяртацца на зямлю. Таму кельты выходзілі з дамоў пакідаючы запаленым свет, а на парозе пакідалі гасцінец для духаў. Самі ж яны накіроўваліся ў месца святкавання “Самайна”, дзе палілі вогнішча, каб вызываць д’ябла і гадалі. Не выключаецца таксама факт, што самыя старажытныя язычніцкія абрады кельтаў уключалі прынашэнне ў ахвяру чалавека. Кельцкія плямёны верылі, што ў гэтую ноч злыя духі могуць прыходзіць на зямлю і страшыць людзей, а часам забіраць у іх жыццё. І каб гэтага не дапусціць, кельцкія друіды раілі апранацца ў нечысць, бесаў, чорта, каб застрашыць злых духаў і каб тыя прымалі людзей як бы за сваіх. Таксама каля дамоў развешвалі галовы мёртвых або чэрапы для таго, каб задобрыць нячыстую сілу. З цягам часу чэрапы былі заменены на гарбузы, аднак значэнне такіх гарбузоў засталося без змен.
У сённяшні час, многія рытуалы звязаныя з “святкаваннем” Хэлоўіна засталіся нязменнымі. Людзі арганізоўваюць ноч жудасці, апранаюцца ў ведзьмакоў, калдуноў, чорта і інш. Размалёўваюць свае твары ў бесаў, смерць, а хаты і машыны ўпрыгожваюць сімваламі цемры і смерці: чэрапамі, павуціннем, прывідамі і гарбузамі з застрашаючым выглядам. Многія гадаюць і выклікаюць духаў.
Сёння яго выкарыстоўваюць таксама неаязычніцкія і сатанінскія групы. Асабліва небяспечна гэта для дзяцей і моладзі: яны прывыкаюць бачыць у цемры нешта «крутое», адкрываюць цікавасць да магіі, спірытызму, а часам і да адкрытага акультызму. Але зло ніколі не бывае бяскрыўдным.
Варта ведаць, што д’яблу не цікава — свядома ці несвядома чалавек ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах. Зайшоў на яго тэрыторыю — прыйдуць жудасныя наступствы. Злы дух абавязкова давядзе таго няшчаснага чалавека, які адкрыўся на яго, да шматлікіх духоўных, фізічных і псіхічных праблем, часам нават да трагічнай смерці, або іншага сумнага фіналу. Дэманы — ворагі жыцця, ворагі збаўлення, і таму сама ідэя “хэлоўіна” непрымальная для хрысціяніна.
Дзецям, падросткам і моладзі патрэбна прыгажосць, а не брыдота; ім патрэбна дабрата, а не злоба; ім патрэбна праўда, а не фальш; ім патрэбна дабро, а не зло.
Звышнатуральная прыгажосць, якая адлюстроўваецца ў Збаўцы нашым Езусе Хрысце, Багародзіцы Марыі, Арханёлах, Анёлах і святых, дапамагае адрозніць праўду ад падману, дабро ад зла.
1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. Гэта добрая нагода зноў адкрыць прыгажосць веры, радасць Евангелля і надзею, якая ніколі не падманвае. Нам не патрэбны «хэлоўін», каб адчуць дрыжыкі ад «страху». Нам патрэбныя святыя, каб адкрыць сапраўдны сэнс жыцця. І кожны з нас пакліканы стаць адным з іх.
Заклікаю не падманвацца ілюзіяй! Хэлоўін прапануе цемру пад выглядам забаўкі, але сэрца чалавека прагне святла. Сапраўдная свабода — гэта свабода ад граху, сапраўдная моц — у любові, а сапраўднае жыццё — у Богу.
Ці можа хрысціянін удзельнічаць у “святкаванні” Хэлоўіна? Адказ адназначны: “не”. І гэта “не”, якое не абмяжоўвае, але вызваляе.
Айцец Януш Чарнамораў,
пробашч парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.

 
	                                 
   
  