Ведаць мову дзяржавы, у якой нарадзіўся і жывеш — абавязак кожнага чалавека. З цікавасцю і павагай да беларускай мовы і літаратуры адносіцца вучань 9 класа гімназіі горада Нароўлі Максім Крупейчанка.

Адкуль такая любоў да роднага слова ў хлопца? Можна толькі выказаць свае здагадкі. Напэўна, як кажуць, з малаком маці. А яшчэ любоў да прадмета прывіла вучню яго настаўніца Алена Назарава.

— Максім вельмі таленавіты, старанны, адказны хлопчык, мае добрую памяць, заўсёды разважае не па сваіх гадах, па-даросламу. Сёння вялікая рэдкасць знайсці вучня такога маштабу, — кажа Алена Мікалаеўна.

За плячыма юнака шмат перамог і ўзнагарод. Аднак, успомнім сярод іх толькі апошнія. Напрыклад, у студзені Максім стаў уладальнікам дыплома трэцяй ступені абласной алімпіяды па вучэбных прадметах Беларуская мова і літаратура. У лютым — прыняў удзел у абласным конкурсе «Ведай родную мову».

— Конкурс у два туры. Спачатку мы выконвалі комплексную працу, якая была набліжаная да алімпіядных заданняў, — распавядае Максім Крупейчанка. — Затым, нам трэба было напісаць міні-сачыненне на тэму «Мінулае жыве, яно за намі назірае».

Нягледзячы на вялікую канкурэнцыю, а гэта 23 удзельнікі з усіх куткоў Гомельшчыны, у выніку Максім атрымаў дыплом трэцяй ступені. Акрамя таго, ён піша змястоўныя вершы і апавяданні. Свой першы верш на роднай мове «Зорачка» хлопчык напісаў у 3 класе. У 5-м у яго ўжо з’явілася больш сур’ёзная лірыка на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Максім акрамя таго, што старанна вывучае прадмет на ўроках, дадаткова займаецца на факультатыве.

Хоць вучань мае адзнаку дзесяць, хлопчык рыхтуецца да іспыту і ўсё больш назапашвае ведаў. Прыемна, што сярод моладзі ёсць аматары роднага слова, якія цэняць наш скарб — нашу родную мову!

Вольга ПАРТЫКА, фота аўтара