Кажуць, што, калі нараджаецца чалавек, на небе запальваецца зорка. А разам з нараджэннем ён атрымлівае ў спадчыну бясцэннае багацце — Радзіму. Радзіма, Бацкаўшчына, Айчына, бацькоўская зямля, родная старонка — такімі шчырымі словамі мы называем той адзіны і непаўторны куточак на зямлі, дзе мы нарадзіліся, зрабілі першы крок, пайшлі ў жыццё. Як шмат сэнсу ў адным-адзіным слове…

Я нарадзіўся тут, ля берагоў Славечны
Ля векавых дубоў, што рэчку сцерагуць.
І палюбіў зямлю бацькоўскую навечна,
І вёску гэту, што Дзямідавам завуць.
Людміла Ятчанка
Радзіма для мяне — тое месца, што дае пачатак, суправаджае ад першых няўпэўненых крокаў да рашучых дзеянняў, родны дом, у якім адчуваем цяпло і клопат бацькоў, дзе я нарадзілася, жыву, дзе жывуць родныя і блізкія людзі. Мне хочацца расказаць аб самым лепшым месцы на зямлі, аб мілым сэрцу куточку, аб невялічкай вёсцы.
Мой родны куточак — Дзямідаў. Ён знаходзіцца ў Нараўлянскім раёне, Гомельскай вобласці. І лепшага месца на ўсёй зямлі, я ўпэўнена ў гэтым, няма. Мне здаецца, што вёска гамоніць з ветрам, шэпча з лісцем, блішчыць зорачкамі, падае снегам, а ты толькі слухай і адпачывай душою.
Яна як бы жывая! Але сэрца сціскае боль. Боль за лёс маленькай радзімы. Здаецца, яна нібыта старая, хворая кабета згорбілася старэнькімі хатамі. Вёска столькі перажылаі: і ліхалецці Вялікай Айчыннай вайны, і выбух на Чарнобыльскай АЭС, і тое, што многія людзі пакінулі яе, шукаючы лепшай долі. Як жа жыць ёй далей? Што можна зрабіць, каб яна як мага болей жыла?
Ды не, пачакайце… У яе есць я, мы, таму ёй жыць і жыць яшчэ доўга. Проста ў якісьці момант яна страціла сваю моц на некаторы час. Але ж паглядзіце на яе… У кожную пару года вёска выглядае па-рознаму. Як яна прыбіраецца, ажывае, калі на лета прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі да бабуль і дзядуль. Яе вочы пачынаюць блішчаць ранішняй расою, косы прасціраюцца духмянымі травамі, а подых становіцца такі гучны, што задаецца, быццам кожны з жыхароў грае на музычным інструменце. Вёска ажывае гоманам дзяцей.
Узімку гурбы снегу ляжаць усюды. Яны як бы падміргваюць і зіхацяць у сонечных прамянях. І мая вёсачка ператвараецца ў сапраўдную казачную краіну. На лужынах лёд патупаны нагамі, а не коламі аўтамабіляў. І горка для слізгання чакае дарослых і дзяцей. І жыццё ідзе сваім ходам.
А ўвесну чысцюткія ручаі запрашаюць пусціць караблік. Ну а старыя квітнеючыя сады ап’яняюць водарам. А пах бэзу разносіцца па ўсёй ваколіцы. І тады вёсачка мая жыве.
Восень. Яна не проста залатая. Яна грыбная, спелая, духмяная, шчодра дорыць усім пачастункі. У кожнай пары года ёсць свая прыгажосць, а заўважыць яе можа толькі той, хто любіць родны край.
У вёсцы ёсць помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сюды прыходзяцьі, каб аддадаць любоў, павагу да тых, хто падараваў нам мір на зямлі.
Дарагія людзі! Любіце родную зямлю, той край, дзе вы нарадзіліся. Чым больш мы будзем рабіць дабра для яе, тым яна будзе прыгажэй і мацней. І жыць маёй вёсачцы, хоць і не напоўную моц, але галоўнае — жыць. І гэта значыць, што яна не згіне, а застанецца ў памяці назаўсёды. Ну а мы, яе нашчадкі, заўсёды зможам прытуліцца да яе галавою, абняць вачыма і адчуваць усё жыццё водар маленькай радзімы, куды ты зможаш вярнуцца ў любы момант, прыйсці на бацькоўскі парог, адчуць сілы, моц, упэўненасць у заўтрашнім дні, успомніць тое, што цепліцца ў душы на працягу ўсяго жыцця! А самае галоўнае — вялікае шчасце жыць у мірнай краіне.
Яўгенія Навуменка, фото Вольгі ПАРТЫКА
