6 студзеня, калі ў Касцёле каталіцкiм адзначаецца ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, каталікоў нараўляншчыны наведаў іерарх з Пінска.

Каталіцкая парафія ў Нароўлі, якая належыць да Пінскай дыяцэзіі, шчыра вітала Яго Эксцэленцыю біскупа Андрэя Зноску.
Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі ўпершыню прыбыў у Нароўлю, каб пазнаёміцца з дзейнасцю мясцовай парафіі, якая тэрытарыяльна ахоплівае два раённых цэнтра: Нараўлянскі і Ельскі.



У гэты дзень біскуп Андрэй, у суправаджэнні настаяцеля мясцовай парафіі айца Януша Чарнаморава, наведаў касцёл святога Якуба ў Ельску, касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Грушаўцы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі. У кожным касцёле свайго біскупа сустракалі вернікі, для якіх іерарх узначаліў святочную Літургію.

Падчас пропаведзі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі патлумачыў сутнасць урачыстасці Аб’яўлення Пана.
Гэты дзень называюць таксама «Тры Каралі» на ўспамін аб падзеі, калі, ідучы за зоркай, каралі (мудрацы) прыбылі ў Бэтлеем, шукаючы нованароджанага юдэйскага караля. Увайшоўшы ў стайню, яны ўбачылі Дзіця і Яго Маці, Марыю; упалі на твар і аддалі Яму пашану.


З Евангелля вядома, што мудрацы, «адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму (Езусу) дары: золата, кадзіла і мірру» (пар. Мц 2, 11). Золата – як падарунак для Караля, кадзіла (дарагая па тых часах араматычная смала, якую дарылі ў знак асаблівай пашаны) – для Бога, мірру – для Збаўцы, які стаў Сынам Чалавечым.
Біскуп звярнуў увагу, што маліцца чалавек можа ўсюды, аднак «пакланяцца Богу» мае ў Божай святыні.


Напрыканцы святой Імшы біскуп Андрэй папрасіў перадаць яго шчырыя віншаванні братам і сёстрам праваслаўным, якія святкуюць Раство Хрыстова.
Айцец Януш Чарнамораў,
пробашч парафіі ў Нароўлі.
