У суботу, 18 кастрычніка, парафіяльная супольнасць у Нароўлі шчыра вітала дастойных гасцей, якія прыбылі на святкаванне 35-годдзя адраджэння мясцовай парафіі.

Ва ўступным слове пробашч парафіі айцец Януш Чарнамораў прывітаў гасцей і ўзгадаў шэраг цудоўных прычын для сумеснай сустрэчы ў нараўлянскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Сярод іх 35-годдзе адраджэння каталіцкай парафіі ў Нароўлі, абрад удзялення сакрамэнту канфірмацыі і сумесная малітва з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.
Вернікі нараўляншчы вельмі ўдзячны арцыбіскупу Тадэвушу! Ён будучы першым і адзіным ў тыя часы каталіцкім біскупам Беларусі, адклікнуўся на просьбы вернікаў нараўляншчыны і знайшоў святара, які стаў рэгулярна даяжджаць у Грушаўку і Нароўлю, а затым прызначыў першага пробашча айца Станіслава Салату, які пасяліўся ў Грушаўцы і займаўся будаўніцтвам касцёлаў у Грушаўцы і Нароўлі. Прысутнасць арцыбіскупа ў такі асаблівы дзень для нараўлянскіх вернікаў стала нагодай для радасных успамінаў, сумеснай малітвы і знакам Божай апекі над сваім Касцёлам.







Ад імя старшыні Нараўлянскага райвыканкама з прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася першы намеснік старшыні Нараўлянскага райвыканкама Марына Альховік.


Падчас урачыстай Літургіі вернікі дзякавалі Богу за жыццё і веру, за Касцёл, які адкрыты для ўсіх, за парафіяльную супольнасць, а таксама маліліся аб Божым благаслаўленні на далейшыя гады парафіяльнай дзейнасці.
