2 ліпеня Беларусь адзначыць Дзень вышыванкі, які даўно перастаў быць проста святам нацыянальнага касцюма. Сёння гэта сімвал адзінства, жывая нітка, якая злучае наша мінулае з будучыняй, і спосаб сказаць усяму свету: «Мы — беларусы, і мы ганарымся сваёй культурай».

Вышытая сарочка для кожнага з нас — не проста элемент гардэроба. У кожным шыўку, у кожным унікальным арнаменце зашыфравана мудрасць продкаў. Геаметрычныя ўзоры — не выпадковы дэкор, а старажытныя абярэгі, вышытыя на шчасце, здароўе і дастатак. Насіць вышыванку сёння — значыць усведамляць сваё дачыненне да вялікай спадчыны, якую мы абавязаны перадаць дзецям.

Адмысловую ролю ва ўмацаванні гэтай пераемнасці адыгрывае традыцыя, якая зарадзілася 10 гадоў назад. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь актывісты БРСМ праводзяць кранальную акцыю «Падарунак для немаўляці». Валанцёры наведваюць радзільныя аддзяленні і аддзелы ЗАГС, каб павіншаваць самых маленькіх грамадзян.

Немаўлятам уручаюць вышыванку — першы «пашпарт» маленькага беларуса, яго культурны абярэг. Апранаючы на дзіця сарочку з традыцыйным арнаментам, мы нібы даём яму благаслаўленне роднай зямлі, звязваючы яго жыццё з гісторыяй і сілай пакаленняў.

Яркай падзеяй на працягу шмат гадоў быў і фотаконкурс «Сэлфі&фота з вышыванкай». За час свайго існавання гэты праект ператварыўся ў маштабны флэшмоб, які аб’яднаў  тысячы беларусаў.

Асаблівы гонар выклікае той факт, што нараўлянская зямля таксама ўпісала сваё імя ў гісторыю гэтага конкурсу. У 2018 годзе пераможцам у намінацыі «Фота малыша ў вышыванцы» стаў партрэт маленькага нараўляніна Астапа Літвіна. На здымку — важны і светлы момант: хлопчык ў вышытай распашонцы ў дзень свайго хрышчэння.

Пераемнасць пакаленняў — гэта тое, што нас  яб’ядноўвае. Мы працягваем традыцыі, шануем сваю ідэнтычнасць і з упэўненасцю глядзім ў будучыню, абапіраючыся на трывалы падмурак нацыянальных каштоўнасцяў.

Няхай Дзень вышыванкі стане для кожнага з нас напамінам аб тым, хто мы ёсць. Няхай гэтае свята натхняе нас берагчы сваю культуру, быць адзінымі і памятаць: сіла беларускай зямлі — у нашых руках, у нашых сэрцах і ў тых простых, але вялікіх сімвалах, якія мы з гонарам перадаем сваім дзецям.

Ірына НЕДАШКОЎСКАЯ, фота Алесі ЛІТВІН