Паважаныя Нараўляне! Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Кожны год у велікодную раніцу мы з вялікай надзеяй чакаем тых словаў, якія абвяшчаюць нам вялікую радасць, што Хрыстус сапраўды ўваскрос.


Гэтае пасланне радасці і надзеі гучыць сёння ў нашых святынях, у нашых дамах, на вуліцах і ў сэрцах хрысціян ва ўсім свеце. Адзначаючы велікодныя святы, мы ўспамінаем найважнейшыя падзеі ў гісторыі чалавецтва. Езус Хрыстус, Сын Божы, які з любові ўзяў на сябе цяжар чалавечых грахоў і памёр за нас на ганебным дрэве крыжа, уваскрос. Бясконцая Божая любоў атрымала поўную і канчатковую перамогу над сіламі зла, цемры і граху.
У Евангеллі чытаем: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць!” (Ян 11,24). Гэтыя словы напаўняюць нас упэўненасцю, што кожны дзень нашай зямной вандроўкі мы накіроўваемся не да пустаты і небыцця, а да паўнаты новага, сапраўднага жыцця, у якога не будзе канца.


З нагоды ўрачыстасці Хрыстовага Уваскрасення хачу пажадаць усім нам, каб сузіранне таямніцы трыумфу жыцця ўмацоўвала нашу веру, надзею і любоў. Жадаю, каб радасць нязгаснага святла велікоднай раніцы раз’ясняла кожны шлях, кожную сям’ю і месцы працы. Няхай міласэрны і поўны збаўчай любові позірк Хрыста-Пераможцы прынясе супакой і надзею асабліва туды, дзе яны найбольш неабходныя. А ззянне пасхальнага светача жыцця, праўды і дабра няхай для кожнага з нас стане крыніцай аптымізму ў рэалізацыі нашых штодзённых заданняў і планаў на будучыню.


Няхай Уваскрослы Хрыстос адорыць кожнага з нас сваім благаслаўленнем, здароўем і патрэбнымі ласкамі на шляху да збаўлення.
Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя

Айцец Януш Чарнамораў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.