Святкаванне нараджэння Божага Сына ў Нароўлі распачалося начной святой Імшой у 22.30.

Калядная ноч заўсёды прыносіць асаблівае святло і цеплыню. Мелодыі рэлігійных песень, пах свежай елкі і словы сардэчных віншаванняў ствараюць асаблівую атмасферу, у якой кожны адчувае сябе часткай вялікай сям’і.






Святая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка — ад лацінскага слова pastor (пастух) — бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі, што ў тую ноч пасвілі непадалёк свой статак. Менавіта яны першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам з імі — іх жывёла
Сёння мы святкуем прыйсце Бога ў свет, каб яго асвяціць і даць нам вечнае жыццё. Гэтая падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму, адбываецца і ў наш час і завершыцца другім прыйсцем Хрыста напрыканцы часоў. Хрысціянства — гэта сустрэча з асобай, з Богачалавекам, вера ў якога з’яўляецца фундаментам нашага аптымізму. Дзякуючы свайму ўцелаўленню Бог напаўняе сабой нашае жыццё. Таму Нараджэнне Хрыста — гэта праўда нашай веры. Мы павінны яе вызнаваць усё наша жыццё, каб яно стала нашым Бэтлеемам, каб праз нас Бог быў прысутны на зямлі.

Божае Нараджэнне, будучы бясцэнным дарам, адначасова з’яўляецца і заданнем. Вялікай праблемай будзе тое, калі ў мітусні сучаснага свету мы не ўбачым нованароджанага Збаўцу і не дазволім Яму ўвайсці да нас, каб нас перамяніць. Няхай жа Бог дае нам прастату сэрца і імкненне да пазнання праўды, каб вачыма веры мы маглі ў Немаўляці, якое знаходзіцца ў яслях, убачыць бязмежнага Бога, які ў чалавечым целе прыйшоў у гэты свет несучы збаўленне!
Са святам! Няхай прынесенае Хрыстом святло асвятляе наш жыццёвы шлях! Няхай усім нам спадарожнічае радасць і шчасце!
Айцец Януш Чарнамораў
пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі
