Цэнтрам урачыстасцей у гонар Дня беларускага пісьменства на гэты раз стане гістарычны горад Ліда. Галоўныя мерапрыемствы пройдуць 7 верасня, а ўжо сёння стартуе насычаная культурна-асветніцкая праграма.

Традыцыя святкавання Дня беларускага пісьменства ўзнікла ў 1994 годзе ў Полацку. З таго часу свята праходзіць штогод у розных гарадах Беларусі, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры і кнігадрукавання. За тры дзесяцігоддзі ў розныя гады яго сталіцамі станавіліся Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаўе, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Белынічы, Копыль, Добруш, Гарадок, Івацэвічы.

Мерапрыемствы маштабнага фестывалю ў Лідзе будуць прысвечаны некалькім значным датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны, юбілеям выдатных дзеячаў нацыянальнай літаратуры. Таксама акцэнт будзе зроблены і на Год добраўпарадкавання.

Ліда дастойна сустрэне гасцей: прыведзены ў парадак вуліцы і дамы, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. А на бульвары князя Гедыміна з’явілася алея арт-лавак. У кожнай з іх — свой непаўторны выгляд, у якім адлюстраваны надыходзячы Дзень беларускага пісьменства і брэнд прадпрыемства, якое яе ўстанавіла.

У гэтым старажытным горадзе захаваўся замак-кастэль — унікальны помнік абарончага дойлідства XIV ст. Менавіта тут аматараў Сярэднявечча чакае культурна-забаўляльнае мерапрыемства «Дзень сярэднявечнай культуры ў Лiдскiм замку». Будуць працаваць зброевая і гарбарная майстэрні, кузня, кухня, рыцарскі лагер і цір.

У рамках XXXII Дня беларускага пісьменства пройдзе рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Лідскія чытанні-2025», фестываль кнігі і прэсы, а таксама адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу ім. В. Таўлая на лепшую паэтычную складанку і пераможцаў конкурсу сярод журналістаў СМІ на тэму жніва-2025 «Хвала рукам, што пахнуць хлебам».

Жыхароў горада і гасцей свята чакаюць розныя тэматычныя выставы і экспазіцыі, творчыя сустрэчы, прэзентацыі кніг, інтэрактыўныя пляцоўкі, горад майстроў, гастранамічны фестываль.

Калі вы хочаце актыўна правесці выхадныя і атрымаць асалоду ад атмасферы старажытнага горада, адпраўляйцеся ў Ліду. Культурны адпачынак і незабыўныя ўражанні гарантаваны!

Алеся ЛІТВІН, фото аўтара