27 красавіка ў нядзелю Божай Міласэрнасці, шматлікія вернікі сабраліся разам  у касцёле і на могілках Нараўлянскага раёна, каб ушанаваць памяць памерлых і ўзнесці малітвы да Бога.

Прысутныя ўзносілі свае малітвы за памерлага Папу Рымскага Францішка, за памерлых святароў, што некалі служылі на гэтых тэрыторыях, за бліжніх і родных памерлых. У гэтым годзе з удзелам мясцовага святара адбылася адмысловая малітва на могілках у в. Маскалёўка, в. Мальцы, в. Лубянь і в. Грушаўка.

У Грушаўскім касцёле адбылася святая Імша за ўсіх памерлых, якіх узгадвалі ў выпамінках.Напрыканцы святкавання, шматлікія вернікі сталі сведкамі важнай падзеі — асвячэння адноўленага крыжа і фігуры Маці Божай Балеснай на Грушаўскіх могілках.

Ва ўступным слове святар зазначыў, што гледзячы на крыж, неабходна памятаць, што на ім Хрыстус аб’явіў нам сваю найвышэйшую любоў. Праслаўляючы крыж, варта памятаць пра Хрыста, які праз сваю Муку і Кроў, пралітую на ім здзейсніў справу Адкуплення.

На прыканцы святар заахвоціў прысутных з даверам узносіць вочы да Маці Божай Балеснай, ззяючай як узор мужнасці, вернасці, церпялівасці, святасці.