Свята Божага Нараджэння — гэта час асаблівай радасці, любові, супакою, час прабачэння, еднасці. Час, калі кожны чалавек становіцца на кропельку лепшым, бо немагчыма інакш — Збаўца нарадзіўся!

У святы Божага Нараджэння з глыбіні нашых сэрцаў мы ўзносім да Нябеснага Айца гімн удзячнасці і любові: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» (Лк 2, 14). Мы праслаўляем Бога, бо ў таямніцы Уцелаўлення свайго Адзінароднага Сына, Езуса Хрыста, аб’явіў нам бязмежнасць сваёй айцоўскай любові. Яго найвялікшае жаданне — адарыць нас усіх паўнатой збаўлення.

З нагоды святаў Божага Нараджэння, а таксама надыходзячага Новага года, жадаю ўсім вернікам і людзям добрай волі глыбокай веры, надзеі і любові. Няхай святы Божага Нараджэння прамаўляюць да нас усёй моцай надзеі і радасці.

Няхай міласэрны Бог адорыць кожнага моцным здароўем, шчасцем, зычлівымі людзьмі і поспехамі ў кожным пачынанні.

Радасных святаў! Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

Ксёндз Януш Чарнамораў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі