Сельскагаспадарчае прадпрыемства КУП «Уладзіміраўскі-Галоўчыцы» клапоціцца аб тым, каб людзі, якія працуюць у полі, своечасова атрымлівалі гарачае харчаванне.
Жнівень — складаная пара для хлебаробаў. На залатой ніве паблізу вёскі Будкі плаўна, нібы караблі ў моры, ходзяць камбайны. Штодзень, калі дазваляе надвор’е, вадзіцелі і механізатары праводзяць у кабінах больш за 12 гадзін. Адлучыцца на абед дадому — значыць згубіць драгацэнны час збору ўраджаю. Уборачная прастояў не церпіць. Таму арганізацыя харчавання — гэта стратэгічная справа.
Апоўдні, час перакусіць. Убачыўшы калхозную «газэльку», камбайнеры і іх памочнікі спускаюцца з кабін і давольна паціраюць рукі — абед едзе! Аўтамабіль спыняецца, з яго выходзіць вадзіцель Васіль Касакевіч. Ён спрытна дастае з салона ўпакоўкі з ліманадам і, непасрэдна, самі абеды.
— Я б з радасцю з вамі пагутарыў, але няма калі. У мяне яшчэ нарады, — спяшаецца сесці за баранку Васіль Мікалаевіч.
Па гатовыя стравы ён заязджае ў кафэ «Турыст» КУП «Жылкамбуд». Там да пэўнага часу паспяваюць прыгатаваць паўнавартасны абед кухары Ніколь Меркель і Ніна Саломная. Каб стравы не астылі, іх ставяць у адмысловыя тэрмакантэйнеры.
Атрымаўшы свае порцыі, экіпажы садзяцца прама на траву ля абочыны і пад стракатанне конікаў дружна стукаюць лыжкамі па талерках. Сёння ў меню хлебаробаў — суп, салат, бульбачка і катлеты. Порцыі вялікія, нараканняў на працу павароў у работнікаў нівы няма. На пытанне, ці смачна кормяць, усе як адзін адказваюць:
— Смачна, па-хатняму!
Паелі камбайнеры — і зноў за справу. Саставіўшы талеркі, таропка разыходзяцца — сіесты падчас гарачай пары не бывае. Кожны зацікаўлены зрабіць як мага больш. Стымулы для гэтага ёсць. Штодзень падводзяцца вынікі работы: лепшы экіпаж атрымае грашовую прэмію і каштоўныя падарункі.
Тым часам жніво ў сельгаспрадпрыемстве набірае абароты. Паводле слоў галоўнага агранома КУП «Уладзіміраўскі-Галоўчыцы» Аляксандра Осіпава, усяго трэба абмалаціць 1 733 га збожжавых культур. На сёння гэты паказчык выкананы на 60 %.
Алеся ЛІТВІН, фота Віктара Паўлава